Аляксандар Лукашэнка адзначыў прагрэс у разьвіцьці беларуска-грузінскага супрацоўніцтва і адсутнасьць спрэчных пытаньняў.
Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы зь віцэ-прэмʼерам, міністрам замежных спраў Грузіі Міхаілам Джанэлідзэ, перадае БелТА.
«Цэлы комплекс нашых стасункаў падштурхоўваюць да таго, каб мы і далей мелі вельмі блізкія сяброўскія дачыненьні з грузінскім народам. Апошнім часам мы вельмі актыўна ўзяліся за іх разьвіцьцё. У нас практычна няма пытаньняў, наконт якіх мы б спрачаліся. Мы вельмі патрэбныя вам, вы вельмі патрэбныя нам. Нашы эканомікі не канкуруюць адна з адной», — сказаў Лукашэнка і пацьвердзіў гатоўнасьць Беларусі і далей пастаўляць у Грузію ўвесь спэктар прадукцыі машынабудаваньня.
Лукашэнка таксама падкрэсьліў вялікую павагу і цікавасьць у Беларусі да грузінскага народу і яго культуры.
«Мы заўсёды гатовыя працаваць разам. Вы нам людзі не чужыя. Грузіны — нашы браты. Мы ведаем, што вялікая грузінская нацыя, культура грузінскага народу спрыяла разьвіцьцю культураў іншых народаў, у тым ліку і нашай», — сказаў ён.
Афіцыйны візыт у Беларусь міністра замежных спраў Грузіі ў рангу віцэ-прэмʼера Міхаіла Джанэлідзэ адбываецца 4–5 верасьня.
У праграме кіраўніка грузінскай дыпляматыі заплянаваныя сустрэчы высокага ўзроўню, у тым ліку з Лукашэнкам. ва ўрадзе, у Нацыянальным сходзе і Міністэрстве замежных спраў.
Згодна з афіцыйнай статыстыкай, у першым паўгодзьдзі 2017-га таваразварот Беларусі з Грузіяй перавысіў 53 мільёны даляраў і ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году павялічыўся амаль на 30%. Пры гэтым прырост экспарту склаў 28% (45 мільёнаў даляраў), імпарт — на 25% (8,4 мільёна даляраў. Сальда дадатнае ў памеры 36 мільёнаў даляраў.
«Грузіны — нашы браты». Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком грузінскага МЗС

Яшчэ на гэтую тэму
Самае папулярнае
1