За парушэньні на канцэрце Макса Каржа ўжо дэпартаваныя 23 замежнікі, у тым ліку тры грамадзяніна Беларусі, паведамілі «Белсату» ў Памежнай ахове Польшчы.
У ведамстве таксама запэўнілі, што перад высылкай абавязкова спраўджваюць, ці бясьпечна гэтым асобам вяртацца на радзіму.
Тры беларусы, якіх абвінавацілі ў парушэньнях на канцэрце Макса Каржа на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве, пакінулі Польшчу. Як паведамілі «Белсату» ў прэс-службе Памежнай аховы суседняй краіны, двух дэпартавалі прымусова:
«Польшчу пакінулі 23 замежнікі (20 грамадзянаў Украіны і тры грамадзяніна Беларусі), 13 зь іх былі высланыя прымусова, 10 выехалі добраахвотна. Два грамадзяніны Беларусі дэпартаваныя прымусова, адзін выехаў добраахвотна».
У Памежнай ахове Польшчы запэўнілі, што абавязкова спраўджваюць, ці бяспечна гэтым асобам вяртацца на радзіму:
«Штораз падчас разбору справы наконт абавязку замежніка вярнуцца ў ягоную краіну абавязкова вывучаецца, ці існуе пагроза для жыцьця, свабоды і бясьпекі і ці можа замежнік зазнаць катаваньні і бесчалавечнае стаўленьне. Працэдуры Памежнай аховы гарантуюць, што не будзе прымусовага абавязаньня аб вяртаньні, калі існуе пагроза жыцьцю або здароўю замежніка».
Агулам звесткі пра 30 фанатаў Каржа, затрыманых на канцэрце, ужо залучаныя ў польскую базу непажаданых асобаў, а таксама ў адмысловую сыстэму Шэнгенскай зоны «з мэтаю адмовы ва ўездзе і перабываньня з меркаваньняў аховы бясьпекі і грамадзкага парадку».
Раней прэм’ер-міністр Польшчы Дональд Туск паведамляў, што з краіны плянуюць выслаць 63 асобы: шэсьць грамадзян Беларусі і 57 грамадзян Украіны. Агулам на канцэрце затрымалі 109 асобаў, 13 зь якіх — беларусы.
Фанатаў Каржа западозрылі ў захоўваньні наркотыкаў, абвінавацілі ў парушэньні недатыкальнасьці працаўнікоў аховы, праносе піратэхнічных сродкаў і пранікненьні на тэрыторыю масавай імпрэзы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі АМАП перамог на чэмпіянаце памяці Кадырава ва ўнівэрсытэце імя Пуціна ў Чачні