Дыплямат, генэральны сакратар Алімпійскага камітэту, асуджаны на 12 гадоў турмы. Хто такі Анатоль Котаў, які зьнік у Турэччыне 21 жніўня

Анатоль Котаў, архіўнае фота

Котаў не выходзіць на сувязь ужо пяць дзён, ён меў вярнуцца ў Варшаву з Стамбулу 24 жніўня. Родныя палітыка падалі заяву аб яго зьнікненьні ў турэцкую паліцыю.

Першыя паведамленьні пра тое, што Анатоль Котаў зьнік у Турэччыне, зьявіліся ў нядзелю, 24 жніўня. Інфармацыю апублікавала выданьне reform.news. Аднак у той жа дзень журналісты апублікавалі зьняпраўджаньне. Паўторна зьвесткі аб магчымым зьнікненьні Анатоля Котава зьявіліся ў панядзелак, 25 жніўня. Спачатку пра гэта напісала «Наша Ніва», пасьля інфармацыю аб зьнікненьні паплечніка сьцісла пракамэнтаваў Аляксандар Апейкін.

На раніцу 26 жніўня ніякай публічнай інфармацыі аб месцы знаходжаньня і стане Анатоля Котава па-ранейшаму няма.

Дыплямат і спартовы чыноўнік

Анатоль Котаў нарадзіўся ў 1980 годзе ў Менску, у пачатку нулявых працаваў у Міністэрстве замежных справаў, куды трапіў пасьля вучобы ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных адносінаў.

З 2006 па 2015 год Анатоль Котаў займаў розныя пасады ў амбасадзе Беларусі ў Польшчы, прайшоў там шлях ад трэцяга сакратара (найніжэйшая дыпляматычная пасада ў амбасадзе. — РС) да старшага дарадцы амбасадара. На гэты час прыпадае знаёмства Котава з Паўлам Латушкам, які ўзначальваў амбасаду ў Варшаве ў 2002–2008 гадах.

У 2015 годзе Анатоль Котаў вярнуўся ў Менск, дзе перайшоў з МЗС на працу ў Нацыянальны алімпійскі камітэт, які ў той час узначальваў асабіста Аляксандар Лукашэнка. Котаў спачатку працаваў там вядучым спэцыялістам, аднак хутка заняў пасаду генэральнага сакратара. Нягледзячы на гучную назву пасады, яго абавязкі былі пераважна адміністрацыйныя. У 2019 годзе Анатолю Котаву даручылі ўзначаліць арганізацыю ў Менску Эўрапейскіх гульняў, якім улады надавалі вялікае ідэалягічнае значэньне. Гульні прайшлі адносна пасьпяхова, пасьля чаго Котава перавялі на працу ў адміністрацыю Лукашэнкі, дзе ён заняў пасаду намесьніка загадчыка аддзелу фінансаваньня дзяржаўных органаў галоўнага фінансавага ўпраўленьня кіраўніцтва справаў Лукашэнкі. Аднак працаваў там нядоўга. 18 жніўня 2020 году Котаў звольніўся з адміністрацыі Лукашэнкі, у той жа дзень падпісаў адкрыты ліст беларускіх спартоўцаў, якія выступілі супраць фальсыфікацыяў на выбарах і асудзілі гвалт сілавікоў.

Анатоль Котаў (у чырвоным гальштуку) на Форуме дэмакратычных сілаў у Бэрліне, 2022 год

Неўзабаве пасьля гэтага Анатоль Котаў зьехаў за мяжу ў Польшчу, дзе ўзначаліў створаны з удзелам Паўла Латушкі фонд «Беларусь будучыні», а таксама стаў адказваць за міжнародную палітыку і гандаль у створаным Латушкам Народным антыкрызісным упраўленьні.

Абвінавачаньні ў растраце сродкаў

Пра тое, што Павал Латушка падаў у суд на свайго колішняга паплечніка Анатоля Котава, публічна стала вядома пасьля зьнікненьня сьпікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай. У эфіры «Эўрарадыё» пра гэта расказаў сам Латушка. З словаў палітыка, пытаньні да Анатоля Котава ўзьніклі неўзабаве пасьля яго прыходу ў Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне. Несупадзеньні ў фінансавых справаздачах, якія падаваў Котаў, там заўважылі ўжо ў 2021 годзе, пасьля чаго Котаў пайшоў з пасады кіраўніка фонда «Беларусь будучыні» і з НАУ.

З словаў Латушкі, ён ужо некалькі гадоў спрабуе прыцягнуць Анатоля Котава да адказнасьці і вярнуць грошы, аднак марна. Польскія праваахоўныя органы і суды адмаўляюцца заводзіць крымінальную справу на Котава, ня бачачы для гэтага падставаў.

Пасьля сыходу ад Латушкі Анатоль Котаў далучыўся да Форуму дэмакратычных сілаў, які спрабавалі правесьці Валер Цапкала і Вольга Карач. Таксама ён з Аляксандрам Апейкіным удзельнічае ў працы Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, ён супрацоўнік варшаўскага івэнт-агенцтва Terra Group, якое заснаваў былы актывіст выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Віталь Крыўко. Згодна з сайтам агенцтва, яно займаецца арганізацыяй карпарацыйных імпрэзаў і адпачынку для супрацоўнікаў камэрцыйных кампаніяў. Сярод яго кліентаў у тым ліку беларускія ІТ-кампаніі, якія выехалі з краіны пасьля 2020 году.

Акрамя гэтага, Анатоль Котаў актыўна выступае ў беларускіх недзяржаўных мэдыя ў якасьці экспэрта і палітоляга.

12 гадоў турмы і зьнікненьне

Прысуд Анатолю Котаву, якога судзілі ў Беларусі завочна, абвясьцілі ў Берасьцейскім абласным судзе. Паводле вэрсіі абвінавачваньня, Котаў удзельнічаў у «змове з мэтай захопу ўлады», «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня» і «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці». Прычынай стаў удзел Котава ў арганізацыі згаданага вышэй Форуму дэмакратычных сілаў. Акрамя Анатоля Котава, у гэтай справе асудзілі таксама Вольгу Карач і Вераніку Цапкала.

Анатоль Котаў, архіўнае фота

8 ліпеня 2024 году судзьдзя Андрэй Лешчанка прызнаў Котава вінаватым і завочна прысудзіў яму 12 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, а таксама штраф у 600 тысяч рублёў.

На момант прысуду Анатоль Котаў актыўнага ўдзелу ў палітычным жыцьці не прымаў, не далучаўся да нейкай палітычнай групоўкі, пераважна выступаў у якасьці палітоляга ў недзяржаўных СМІ, крытычна выказваючыся пра дзейнасьць Каардынацыйнай рады, Паўла Латушкі і Офісу Сьвятланы Ціханоўскай. Пакуль застаецца незразумелым, зь якой мэтай ён вылецеў з Варшавы ў Стамбул у чацьвер 21 жніўня. Паводле выданьня «Наша Ніва», на працы ў агенцтве Terra Group ён патлумачыў неабходнасьць гэтага «асабістымі прычынамі», а родным — «працоўнымі».

Блізкія і сябры Анатоля Котава пакуль не камэнтуюць яго імавернае зьнікненьне. Адзінае публічнае паведамленьне аб гэтым зьявілася ў фэйсбук-акаўнце калегі Котава ў Фондзе спартовай салідарнасьці Аляксандра Апейкіна, які спачатку таксама зьняпраўджваў інфармацыю аб зьнікненьні Котава ў Турэччыне.

«У чацьвер раніцай, 21 жніўня, наш калега Анатоль Котаў вылецеў з Варшавы ў Стамбул у асабістых пытаньнях, — напісаў Апейкін. — Увесь дзень быў на сувязі з роднымі і калегамі. У чацьвер пасьля 21.30 польскага часу перастаў выходзіць на сувязь. З таго моманту на сувязь больш не выходзіў. Родныя Анатоля падалі заяву ў турэцкую паліцыю і консульства Польшчы ў Стамбуле. Гэта адзіная дакладная інфармацыя. Усякая іншая інфармацыя не адпавядае рэчаіснасьці і зьяўляецца здагадкамі. Калі вам вядомая якая-небудзь інфармацыя, якая можа дапамагчы з пошукам Анатоля, прашу паведаміць».

Анатоль Котаў стаў другім дзеячом беларускай апазыцыі за мяжой, які зьнік цягам апошніх шасьці месяцаў. У канцы сакавіка абарвалася сувязь з тагачаснай сьпікеркай Каардынацыйнай рады Анжалікай Мельнікавай. Інфармацыі аб яе лёсе і месцы знаходжаньня няма дагэтуль.