У Эстоніі фэрмэр знайшоў на сваім поле аскепкі ўдарнага дрону. Паліцыя пачала расьсьледаваньне

Вытворчасьць украінскіх дронаў. Ілюстрацыйнае фота

Паводле папярэдніх ацэнак, гэта быў украінскі ўдарны бесьпілётнік.

У Эстоніі пачалі расьсьледаваньне паводле факту падзеньня ўдарнага дрону ў Эльве Тартускага павета.

Як паведамляецца на партале Эстонскага нацыянальнага тэлерадыёвяшчаньня, аскепкі дрону на поле знайшоў мясцовы фэрмэр. На месцы здарэньня таксама была варонка ад выбуху.

Паводле дэпартамэнту паліцыі бясьпекі, дрон імаверна ўпаў у нядзелю раніцай.

«Папярэдне ў нас ёсьць падставы меркаваць, што гэта мог быць украінскі дрон, нацэлены на аб’екты на тэрыторыі Расеі, які Расея пры дапамозе GPS-глушэньня і іншых сродкаў электроннай барацьбы зьбіла з курсу, і ён адхіліўся ў паветраную прастору Эстоніі. Цяпер нічога ня сьведчыць аб тым, што гэта мог быць расейскі дрон», — працытавала выданьне генэральнага дырэктара дэпартамэнту паліцыі бясьпекі Марга Паласан.

Паводле яго, гэта быў вайсковы дрон з выбухоўкай, якое здэтанавала. Калі б дрон упаў на жылы будынак, ён мог выклікаць сур’ёзныя разбурэньні.

Марга Паласан мяркуе, што дрон мог трапіць на тэрыторыю Эстоніі як з тэрыторыі Расеі, так і Латвіі. Цяпер гэта расьсьледуюць.

У публікацыі адзначаецца, што супрацоўнікі паліцыі і памежнай аховы раніцай 24 жніўня адсочвалі дрон, які пралятаў над Чудзкім возерам — ён пазьней упаў у возера на тэрыторыі Расеі.

23 і 24 жніўня таксама назіралі актыўнае перамяшчэньне дронаў над Ленінградзкай вобласьцю Расеі. Тады былі паведамленьні аб пацэльваньні ўкраінскіх дронаў па аб’ектах у порце Усьць-Луга.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бесьпілётнікі атакавалі расейскі порт Усць-Луга, узьнік пажар