Колькасць ахвяраў расейскага ўдару па Кіеве — 21 чалавек; Келаг: гэта пагроза міру, якога прагне Трамп

Разбураны расейскай ракетай шматпавярховік у Кіеве

Спэцпасланьнік прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа Кіт Келаг заявіў, што нядаўнія ўдары Расеі па Кіеву «пагражаюць міру, якога прагне прэзыдэнт ЗША».

Уначы 28 жніўня Расея нанесла атакавала Ўкраіну каля 600 бесьпілётнікамі і 31 ракетай. Загінуў 21 чалавек, у тым ліку 4 дзіцяці. Яшчэ 52 атрымалі раненьні. У Кіеве ракета трапіла ў пяціпавярховік, разбураныя жылыя дамы, пацярпелі офісы прадстаўніцтваў ЭЗ і Вялікабрытаніі, а таксама рэдакцыя ўкраінскай службы Радыё Свабода.

Кіт Келаг назваў гэтыя ўдары «абуральнымі нападамі» і падкрэсьліў, што яны ставяць пад пагрозу мірныя ініцыятывы, якія прасоўвае Дональд Трамп.

«Мінулай ноччу Расея ўчыніла другую па велічыні паветраную атаку ў гэтай вайне, выкарыстаўшы 600 бесьпілётнікаў і 31 ракету. Мэты? Не салдаты і зброя, а жылыя раёны ў Кіеве — былі ўзарваныя грамадзянскія цягнікі, офісы місій ЭЗ і Вялікабрытаніі, а таксама мірныя жыхары.

Гэтыя абуральныя напады пагражаюць міру, якога дамагаецца прэзыдэнт ЗША», — напісаў Кіт Келаг у сетцы Х.

Удары па Кіеву выклікалі абурэньне і ў Эўропе. Старшыня Эўракамісіі Ўрзуля фон дэр Ляен асудзіла атаку і паабяцала максымальны ціск на Маскву.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У выніку ўдару Расеі па Кіеве загінуў 21 чалавек, у тым ліку дзеці, шмат параненых і разбурэньняў. ФОТА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ударамі Расеі па Кіеве пашкоджаны офіс Украінскай службы Радыё Свабода