Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ударамі Расеі па Кіеве пашкоджаны офіс Украінскай службы Радыё Свабода


Пашкоджаньні ў кіеўскім бюро Радыё Свабода ў выніку расейскага абстрэлу ў ноч на 28 жніўня 2025 году
Пашкоджаньні ў кіеўскім бюро Радыё Свабода ў выніку расейскага абстрэлу ў ноч на 28 жніўня 2025 году

Удары прыйшліся і па іншых рэдакцыях і офісах, у тым ліку дыпляматычных прадстаўніцтвах.

У частцы памяшканьняў кіеўскага бюро Радыё Свабода выбітыя шыбы, пашкоджаная тэхніка, пацярпелых няма, паведамляе Ўкраінская служба Радыё Свабода.

Пашкоджаньні ў кіеўскім бюро Радыё Свабода
Пашкоджаньні ў кіеўскім бюро Радыё Свабода

Дзякуючы камэрам відэаназіраньня ўдалося высьветліць, што непадалёк ад рэдакцыі дзьве ракеты пацэлілі ў цывільны будынак на вуліцы Жылянскай.

«Нягледзячы на пашкоджаньні офісу Радыё Свабода, нам пашанцавала, што ніхто з нашых супрацоўнікаў не пацярпеў. Будзьце ўпэўненыя, нашы журналісты працягнуць сваю жыцьцёва важную працу. Мы спачуваем сем’ям загінулых і параненых у гэтых нападах, а таксама ўкраінскім ратаўнікам», — заявіў прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Стывэн Капус.

Момант расейскага ракетнага ўдару непадалёк кіеўскага бюро Радыё Свабода, зьняты камэрай відэаназіраньня
Момант расейскага ракетнага ўдару непадалёк кіеўскага бюро Радыё Свабода, зьняты камэрай відэаназіраньня

Зазналі пашкоджаньняў і разбурэньняў іншыя сядзібы і рэдакцыі. У прыватнасьці, у часе начных абстрэлаў 28 жніўня пацярпела рэдакцыя выданьня «Українська правда». Пашкоджаньні нанесеныя бізнэс-цэнтру, дзе месьціцца рэдакцыя. Журналісты заявілі, што «працуюць у штатным рэжыме».

Акрамя таго, расейскім ударам пашкоджаны дом, у якім месьціцца прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ва Ўкраіне. Факт абстрэлу пацьвердзіў міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга. Ён назваў гэта грубым парушэньнем Венскай канвэнцыі. Расейская атака паставіла пад удар бясьпеку дыпляматаў.

Украінскі МЗС чакае жорсткай рэакцыі на падобныя дзеяньні Расеі.

Удары па Кіеве асудзіў прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр, адзначыўшы, што ягоныя думкі з усімі, хто пацярпеў у час удараў. Ён заявіў, што расейскімі абстрэламі пашкоджаны будынак брытанскага консульства ў Кіеве.

Кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што Расея працягвае бесчалавечныя абстрэлы цывільнай інфраструктуры Ўкраіны. Яна заклікала Расею сесьці за стол перамоваў і дамаўляцца пра мір, а не працягваць атакі на цывільных. Яна дадала, што пры абстрэле місіі Эўразьвязу ў Кіеве ніхто не пацярпеў, штат місіі ў бясьпецы.

Апошнія ўдары Расеі па Ўкраіне асудзілі таксама Эманюэль Макрон, Мая Санду, іншыя эўрапейскія лідэры.

У Кіеве ў выніку абстрэлаў за ноч загінулі прынамсі 15 чалавек, а 45 атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG