У Кубанскім апэратыўным штабе паведамілі, што ў пасёлку Афіпскі ад падзеньня абломкаў дронаў загарэлася адна з установак нафтаперапрацоўчага заводу. У тушэньні пажару плошчай 20 квадратных мэтраў удзельнічаюць 21 чалавек і восем адзінак тэхнікі.
Губэрнатар Самарскай вобласьці Вячаслаў Федарышчаў напісаў толькі пра атаку дронаў, не ўдакладніўшы, якія аб’екты сталі цэльлю ўдараў.
Паводле зьвестак выданьня Astra, у выніку ўдару гарыць Куйбышаўскі НПЗ у Самары. Акрамя НПЗ, дроны атакавалі ў Самарскай вобласьці чыгуначную станцыю Краж, затрымліваюцца шэсьць пасажырскіх і чатыры прыгарадныя цягнікі, тры прыгарадныя цягнікі скасаваныя.
Камандуючы сіламі бесьпілётных сыстэмаў Украіны Робэрт Броўдзі (пазыўны «Мадзяр») у сваім тэлеграм-канале пацьвердзіў удары па двух расейскіх НПЗ.
Тэлеграм-каналы публікуюць відэа, як мяркуецца, пажараў на НПЗ:
Мінісэрства абароны Расеі паведаміла аб 102 зьбітых бесьпілётніках.
У шэрагу рэгіёнаў Расеі і на акупаваных ёю тэрыторыях Украіны фіксуюць дэфіцыт паліва і вялікія чэргі на запраўках. Пры гэтым расейскія ўлады зацікавіліся пастаўкамі паліва зь беларускіх НПЗ.
Расея магла страціць да 17 адсоткаў магутнасьці нафтаперапрацоўкі праз напады ўкраінскіх дронаў. Шэраг буйных заводаў цалкам спыніў вытворчасьць, напады адбываюцца падчас сэзоннага піку попыту на паліва. Пра гэта паведамляе Reuters.
Праз напады бесьпілётнікаў цалкам спынялі працу Валгаградзкі, Навакуйбышаўскі, Самарскі, Саратаўскі, Сызранскі нафтаперапрацоўчыя заводы. Былі атакаваныя таксама Афіпскі, Славянскі і Навашахцінскі НПЗ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея страціла 17% нафтаперапрацоўкі з-за нападаў украінскіх дронаў і зацікавілася прадукцыяй беларускіх НПЗ