Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расея страціла 17% нафтаперапрацоўкі з-за нападаў украінскіх дронаў і зацікавілася прадукцыяй беларускіх НПЗ


Тушэньне пажару на НПЗ у Навашахцінску Растоўскай вобласьці, архіўнае фота
Тушэньне пажару на НПЗ у Навашахцінску Растоўскай вобласьці, архіўнае фота

У шэрагу рэгіёнаў Расеі і на акупаваных ёю тэрыторыях Украіны фіксуюць дэфіцыт паліва і вялікія чэргі на запраўках. На гэты фоне расейскія ўлады зацікавіліся пастаўкамі паліва зь беларускіх НПЗ.

Расея магла страціць да 17 адсоткаў магутнасьці нафтаперапрацоўкі з-за нападаў украінскіх дронаў. Шэраг буйных заводаў цалкам спыніў вытворчасьць, напады адбываюцца на фоне піка сэзоннага піка попыту. Пра гэта паведамляе Reuters.

З-за нападаў бесьпілётнікаў цалкам спынялі працу Валгаградзкі, Навакуйбышэўскі, Самарскі, Саратаўскі, Сызранскі нафтаперапрацоўчыя заводы. Атакам падвергліся таксама Афіпскі НПЗ, Славянскі НПЗ і Навашахцінскі НПЗ.

Пажар на расейскім НПЗ
Пажар на расейскім НПЗ

Біржавыя каціроўкі цэн на паліва растуць з зімы, на гэтым фоне аўтазапраўкам становіцца нявыгадна прадаваць бэнзін без павышэньня кошту, піша «Вёрстка». Акрамя таго, атакі адбываюцца на фоне сельскагаспадарчага і турыстычнага сэзонаў і плянавага рамонту нафтаперапрацоўчых заводаў, зазначае выданьне.

Удар па НПЗ ў Разані
Удар па НПЗ ў Разані

Праблемы з бэнзінам ужо ахапілі анэксаваны Расеяй Крым, а таксама Забайкальле, Прымор’е і Курыльскія астравы, адзначае The Moscow Times. У панядзелак кіраўніцтва нафтавых кампаній выклікалі ва ўрад на нараду з віцэ-прэмʼерам Аляксандрам Новакам, які курыруе энэргетыку. На сустрэчы разглядалася магчымасьць перадаць рынку назапашаныя ў здабытчыкаў запасы бэнзіну, піша Расейская служба Радыё Свабода.

Чарга на запраўцы ва Ўладзівастоку. 22 жніўня 2025
Чарга на запраўцы ва Ўладзівастоку. 22 жніўня 2025

Расейскія ўлады таксама зацікавіліся пастаўкамі паліва зь беларускіх НПЗ. У канцэрне «Белнафтахім» адзначаюць, што ў другой палове жніўня ў Расеі назіраецца павышэньне попыту на нафтапрадукты беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў.

«Беларускі бок апэратыўна рэагуе на рынкавыя зьмены і імкнецца задаволіць узрастаючы попыт з улікам эканамічнай мэтазгоднасьці», — напісалі ў «Белнафтахіме». Канкрэтныя абʼёмы паставак і дынаміка попыту не раскрываюцца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG