Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

15:05 4.5.2020

«Страшней за ўсё памерці на чужыне». Беларус-будаўнік затрымаўся на карантыне ў Нямеччыне і працягвае працаваць

Бальшыня беларусаў, якія працавалі за мяжой, з распаўсюдам каранавірусу і закрыцьцём межаў вярнуліся дадому. Але некаторыя вырашылі застацца да нармалізацыі эпідэміялягічнай сытуацыі: працадаўцы чакаць ня будуць, на вольныя месцы дастаткова прэтэндэнтаў.

Гісторыю беларуса Алега Малевіча, які застаўся ў Нямччыне падчас карантыну, чытайце па спасылцы.

15:02 4.5.2020

Сьмяротнасьць ад COVID-19 можа быць зьвязаная зь недахопам вітаміну D

Паводле новых дасьледаваньняў, вітамін D, які звычайна выпрацоўваецца клеткамі скуры пад узьдзеяньнем сонца, можа адыгрываць ролю ў прадухіленьні сьмяротных выпадкаў ад COVID-19.

Дасьледнікі вывучылі наяўную мэдычную літаратуру для каталягізацыі сярэдніх узроўняў вітаміну D сярод грамадзянаў 20 краінаў Эўропы, а затым параўналі дадзеныя з адноснай колькасьцю сьмерцяў ад COVID-19 у кожнай краіне. Просты статыстычны тэст паказаў, што паміж лічбамі існуе даволі пераканаўчая карэляцыя: у папуляцыі зь нізкай сярэдняй канцэнтрацыяй вітаміну D назіраецца большая колькасьць сьмерцяў ад SARS-CoV-2. Цалкам чытайце тут.

13:02 4.5.2020

Плюс 784 інфікаваныя і 4 памерлыя. У Беларусі прызналі 17 489 выпадкаў COVID-19 і 103 сьмерці

Паводле Мінздароўя, на раніцу 4 траўня ў Беларусі зафіксавалі:

  • агулам 17 489 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
  • 103 памерлыя, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (удава аднаго з памерлых кажа, гэта ня так);
  • 3259 выпісаных пацыентаў, у якіх была каранавірусная інфэкцыя.
  • Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 784 выпадкі і прызналі яшчэ 4 сьмерці, выпісалі 45 чалавек;
  • ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 211 369 тэстаў, плюс 7130 за дзень (колькасьць тэстаў зьніжаецца зь пікавых 9637 на дзень тры дні таму, доля станоўчых вынікаў застаецца ў межах 9–13%);
  • колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісали дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
13:01 4.5.2020

У двух мэдыкаў, якія загінулі ў Докшыцах і Менску, пацьвердзілі каранавірус

Свабодзе стала вядома, што дзьве мэдсястры, памерлыя 20 і 21 красавіка, мелі каранавірус. Першапачаткова, калі зьявілася інфармацыя пра іхную сьмерць, не было вядома, ці мелі яны пацьверджаны COVID-19.

20 красавіка ў Менску памерла 56-гадовая мэдсястра шпіталя хуткай дапамогі Натальля Шматко. Прычынай яе сьмерці афіцыйна назвалі сардэчную хваробу — атэрасклератычны кардыясклероз. Пры гэтым яна мела станоўчы тэст на каранавірус, расказалі Свабодзе сваякі.

45-гадовая мэдсястра з Докшыц Аксана Радкевіч паступіла ў рэанімацыю з пнэўманіяй, яе падключылі да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Жанчына памерла 21 красавіка. Па словах яе сястры, прычынай сьмерці прызналі COVID-19. Так напісана ў пасьведчаньні аб сьмерці.

У праекце «Сьпіс памяці» Свабода зьбірае зьвесткі пра мэдыкаў, што загінулі сёлета падчас эпідэміі каранавірусу. Цяпер нам вядома пра 12 чалавек. У 10 зь іх быў дыягнаставаны COVID-19. Аднак некаторым мэдыкам прычынай сьмерці паставілі іншыя хваробы.

12:59 4.5.2020

«Калі лекары вымруць, хто нас будзе лячыць?» Як гарадзенцы ратуюць мэдыкаў у час пандэміі

Дызайнэрка адкладае працу на ноч, каб удзень шыць камбінэзоны. Кіроўцы скідваюцца на рэсьпіратары і бахілы для «хуткай». Студэнтка паміж парамі і працай робіць з адходаў дыванок для дэзынфэкцыі.

Пра тое, як у Горадні аб’ядналіся ў дапамозе мэдыкам, — у публікацыі Свабоды >>

12:13 4.5.2020

Італьянская вакцына ад каранавірусу пасьпяхова прайшла выпрабаваньні на мышах

Вакцына ад каранавірусу, якая распрацоўваецца італьянскай кампаніяй Takis, прадэманстравала сваю эфэктыўнасьць падчас выпрабаваньняў на мышах. Пра гэта ў панядзелак паведаміла агенцтва Ansa са спасылкай на кіраўніцтва кампаніі.

Па дадзеных агенцтва, антыцелы, уведзеныя з вакцынай у арганізм мышэй, заблякавалі разьвіцьцё віруса. Гэтыя выпрабаваньні былі праведзены на базе лябараторыі Нацыянальнага інстытуту інфэкцыйных захворваньняў імя Лядзара Спалянцані ў Рыме.

Як паведамляе агенцтва, выпрабаваньні на людзях пачнуцца не раней за восень.

11:24 4.5.2020

З сёньняшняга дня ў Польшчы адкрытыя гандлёвыя цэнтры і гасьцініцы

З сёньняшняга дня ў Польшчы адкрытыя гандлёвыя цэнтры, рэабілітацыйныя ўстановы, бібліятэкі, музэі і галерэі мастацтва.

Варшава здымае чарговыя абмежаваньні, уведзеныя некалькі тыдняў таму ў сувязі з эпідэміяй каранавіруса. Аб’екты адкрываюцца пры адной важнай умове: у разьліку на 15 квадратных мэтраў павінен знаходзіцца адзін кліент. Абмежаваньні здымаюцца пры ўмове захаваньня жорсткіх санітарных нормаў. У сваю чаргу 6 траўня будуць адкрытыя дзіцячыя садкі і ясьлі.

Таксама сёньня ўзноўленыя некаторыя чыгуначныя маршруты паміж польскімі гарадамі. Надалей ня езьдзяць цягнікі ў міжнародным паведамленьні.

11:04 4.5.2020

У Літве зьмякчылі ўмовы карантыну: яе жыхары могуць выяжджаць за мяжу

Урад Літвы зьмякчыў некаторыя правілы карантыну, ад панядзелка жыхары могуць пакідаць тэрыторыю краіны, паведамляе агенцтва BNS.

Ад 16 сакавіка зь Літвы маглі выехаць толькі тыя, хто працуе ці жыве за мяжой. З пачатку карантыну да цяперашняга часу памежнікі не далі выехаць з краіны больш чым 500 жыхарам.

На гэты момант суседнія зь Літвой Польшча і Расея замежнікаў не пускаюць, але Беларусь і Латвія дазваляюць ўезд замежнікаў.

У Беларусь можна трапіць праз КПП Меднікі-Каменны Лог, Салечнікі-Беняконі і Райгардас-Прывалка. У Латвію зь Літвы можна выехаць праз КПП Буцінге-Руцава, Салочай-Грэнстале і Сьмеліне-Мэдумі.

11:02 4.5.2020

Прэзыдэнт Сэрбіі анансаваў заканчэньне надзвычайнага становішча

У Сэрбіі надзвычайнае становішча, уведзенае ў сувязі з пандэміяй каранавірусу, перастане дзейнічаць на гэтым тыдні, бо колькасьць новых выпадкаў інфэкцыі значна запаволілася, заявіў прэзыдэнт краіны Аляксандар Вучыч.

Прыпыненьне надзвычайнага становішча, пры якім межы і аэрапорты ў краіне былі закрытыя, а свабода перамяшчэньня жыхароў была абмежаваная, мусіць ратыфікаваць парлямэнт у сераду, абвясьціў прэзыдэнт Сэрбіі. Ён дадаў, што ўсе ўмовы выкананыя.

На сёньняшні дзень у Сэрбіі было выяўлена 9464 выпадкі каранавіруснай інфэкцыі (каля 1083 выпадкаў на мільён чалавек), 193 чалавекі памерлі ад COVID-19. Аднак у апошнія дні вірусная інфэкцыя выяўляецца менш чым у 5% з тысяч людзей, якія штодня здаюць тэсты на вірус.

09:17 4.5.2020

Міністар здароўя Каранік абяцаў «перадышку» лекарам у Віцебску

На нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 3 траўня міністар здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік расказаў пра пляны даць адпачынак пэрсаналу віцебскіх лякарняў.

Лукашэнка адзначыў, што цяпер трэба падтрымаць лекараў, каб яны «разгружаліся больш», а тое «з гэтымі ковіднымі [...] круцяцца дзень і ноч».

«Сытуацыя ў Віцебску ўжо дазваляе плянаваць, што паэтапна ўжо з гэтых выходных лякарні па адной будуць выводзіць з аказаньня мэдычнай дапамогі, праводзіцца поўная дэзынфэкцыя, цягам тыдню перасартаваньне…» — пачаў казаць міністар, ды Лукашэнка яго перабіў.

Кіраўнік дзяржавы сказаў міністру, што пачынае перажываць, калі той кажа пра гэта, бо «Віцебск так ужо насьцярожыў людзей», што ад словаў пра вывядзеньне арганізацыяў і людзей «з сыстэмы» ён пачынае «перажываць больш, чым за хворых».

Міністар растлумачыў: лякарні плянуюць «выводзяць з бою» на тыдзень, «прыводзіць у парадак», «даць адпачынак пэрсаналу, каб яны ўжо маглі рэгіёнам дапамагаць». Пачуўшы гэта, Лукашэнка пагадзіўся: «Ну правільна, трэба дапамагаць».

08:45 4.5.2020

Аўтарка «Гары Потэра» паправілася ад каранавірусу і ахвяравала мільён фунтаў найбольш уразьлівым падчас пандэміі

Брытанская пісьменьніца Джоан Роўлінг паведаміла, што грошы будуць падзеленыя паміж дзьвюма дабрачыннымі арганізацыямі, Crisis і Refuge, якія дапамагаюць бяздомным і ахвярам хатняга гвалту адпаведна.

«Як звычайна, у часы такіх крызісаў, больш за ўсё цярпяць найбольш бедныя і ўразьлівыя», — напісала яна ў «Твітэры».

Месяц таму 54-гадовая Роўлінг паведаміла, што ачуняла пасьля меркаванага выпадку COVID-19, прахварэўшы два тыдні.

08:10 4.5.2020

Лічбы на раніцу 4 траўня

  • У сьвеце зафіксавалі звыш 3,56 мільёна выпадкаў COVID-19: 1,188 млн у ЗША, 247 тысяч у Гішпаніі, звыш 210,5 тысячы ў Італіі, звыш 186,5 тысячы ў Вялікай Брытаніі, звыш 168,5 тысячы ў Францыі, звыш 165,5 тысячы ў Нямеччыне, звыш 134,5 тысячы ў Расеі, 126 тысяч у Турэччыне, амаль 102 тысячы ў Бразыліі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 248 302​ чалавекі. Зь іх 68 598 у ЗША, 28 884 у Італіі, 28 446 у Вялікай Брытаніі, 25 264 у Гішпаніі, 24,895 у Францыі.
  • Выпісалі звыш 1,154 мільёна пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца звыш 2,163 млн, зь іх каля 50 тысяч у цяжкім ці крытычным стане.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 3 траўня, пацьверджаныя 16 705 выпадкаў COVID-19 (плюс 877 за дзень). Ад каранавірусу ў Беларусі прызналі сьмерць 99 чалавек (плюс 2 за дзень), выпісалі здаровымі 3196 пацыентаў. ​
19:41 3.5.2020

Пампэо заявіў пра «агромністыя доказы» таго, што новы каранавірус зьявіўся ў лябараторыі ў Кітаі

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо заявіў у інтэрвію тэлеканалу ABC News у нядзелю пра існаваньне «агромністых доказаў» таго, што новы каранавірус SARS-CoV-2 паходзіць зь лябараторыі ў кітайскім Ухані.

«Гэта ня першы раз, калі сьвет сутыкаецца зь вірусамі ў выніку правалаў у кітайскай лябараторыі», – сказаў ён.

15:00 3.5.2020

Памёр 36-гадовы супрацоўнік шпіталя ў Буда-Кашалёве — пнэўманія і каранавірус

1 траўня ў гомельскім сухотным шпіталі памёр 36-гадовы супрацоўнік буда-кашалёўскага шпіталя Вадзім М. Ён працаваў інжынэрам-праграмістам. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі Свабодзе сваячка і калегі памерлага.

23 красавіка мужчыну перавезьлі ў цяжкім стане з буда-кашалёўскага шпіталя ў Гомель, адкуль ён паходзіў. У гомельскім шпіталі ён ляжаў пад апаратам штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Паводле сваякоў, у яго была двухбаковая пнэўманія і пацьвердзіўся каранавірус.

Яго ня стала 1 траўня. Пахаваньне мае адбыцца 3 траўня.

Вадзім ня быў жанаты, жыў у інтэрнаце для мэдыкаў у Буда-Кашалёве. У яго засталіся бацькі і брат у Гомлі.

У райцэнтры Буда-Кашалёве — успышка каранавірусу. Раней Свабода пісала пра сьмерць 45-гадовай мэдсястры тамтэйшай хуткай дапамогі Галіны Н. Захварэлі мэдыкі, у тым ліку лекары тэрапіі і рэанімацыі, а таксама пацыенты тэрапэўтычнага аддзяленьня раённай лякарні.

13:59 3.5.2020

877 новых выпадкаў за суткі. Мінздароўя апублікавала новыя лічбы эпідэміі ў Беларусі

Міністэрства аховы здароўя Беларусі агучыла дадзеныя распаўсюду каранавіруснай інфэкцыі паводле стану на 3 траўня.

  • Згодна са статыстыкай ведамства, зарэгістравана 16 705 чалавек са станоўчым тэстам на COVID-19, што складае 8,1% ад праведзеных тэстаў. Прырост за суткі склаў 877 выпадкаў.
  • Колькасьць памерлых дасягнула 99 чалавек, напярэдадні гэтая лічба была 97.
  • Выпісаныя са шпіталёў, паводле Міністэрства аховы здароўя, 3196 пацыентаў з раней пацьверджаным дыягназам COVID-19.
  • Агулам праведзена 204 239 тэстаў.
13:26 3.5.2020

Брытанскі прэм’ер расказаў, як хварэў на COVID-19: «Лекары рыхтаваліся да горшага»

Прэмʼер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан, які перанёс каранавірусную інфэкцыю і нядаўна вярнуўся да працы, у інтэрвію The Sun распавёў падрабязнасьці аб ходзе сваёй хваробы і пацьвердзіў, што лекары асьцерагаліся сьмяротнага зыходу.

Па словах Джонсана, калі стан яго здароўя пагоршыўся, яго акружэньню прыйшлося рыхтаваць пляны на выпадак, як ён выказаўся, «сцэнара, падобнага „Сьмерці Сталіна“» — маючы на ўвазе сатырычны фільм рэжысэра Арманда Янучы пра сьмерць савецкага правадыра. Лекары, як сказаў брытанскі прэмʼер, рыхтаваліся да горшага. Ўсурʼёз абмяркоўвалася магчымасьць яго падлучэньня да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх — у нейкі момант, па словах прэмʼера, верагоднасьць гэтага была 50 на 50.

Джонсан распавёў, што з цягам хваробы ўсё больш падаў духам: «Я не разумеў, чаму мне не становіцца лепш». У рэшце рэшт, Джонсана шпіталізавалі.

«Мне на твар надзелі кіслародную маску і пачалі падаваць мне многія літры кіслароду». Ўсю сурʼёзнасьць сытуацыі ён усьвядоміў, калі яго падключылі да манітораў, і яны паказалі, што яго стан па-ранейшаму пагаршаецца. Тады прэмʼера перавялі ў аддзяленьне інтэнсіўнай тэрапіі.

«Увесь гэты час я думаў пра тое, ці ўдасца мне выбрацца. Я зразумеў, што ад каранавіруснай інфэкцыі няма лекаў».

У рэшце рэшт, стан Джонсана стаў паляпшацца. Ён прызнаецца, што дакладна ня ведае, што менавіта стала прычынай паляпшэньня.

13:01 3.5.2020

Лукашэнка: «Мы ня можам адмяніць парад»

Падчас нядзельнай нарады 3 траўня Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што пакуль ня мае намеру мяняць плян імпрэзаў да Дня Перамогі, які быў прадстаўлены даўно.

Лукашэнка падкрэсьліў глыбокае ідэалягічнае і эмацыянальнае значэньне параду ў гонар 75-годзьдзя Перамогі.

«Павінен сказаць, што мы ня можам адмяніць парад. Проста ня можам. Я доўга над гэтым думаў. Вядома, гэта эмацыйная, глыбока ідэалягічная рэч. Трэба памятаць, што тыя людзі паміралі, можа быць, і ад вірусаў, іншых хваробаў. Але яны гэта не адчувалі часам, і пра гэта ня думалі. І паміралі яны дзеля нас, як бы гэта пафасна ні гучала», — заявіў Лукашэнка на нарадзе.

11:50 3.5.2020

Згарэлі 218, патанулі 89. Лукашэнка параўнаў колькасьць сьмерцяў ад каранавірусу і ў здарэньнях

На нарадзе ў Лукашэнкі 3 траўня адзначылі, што па стане на 2 траўня ў Беларусі зафіксавана 97 сьмерцяў пацыентаў з COVID-19. Пры гэтым за прамінулы пэрыяд 2020 году ад хваробаў сыстэмы крывазвароту памерлі амаль 25 тысяч чалавек, ад анкалёгіі — прыкладна 6,4 тысячы.

«Але што мяне ўразіла — ад атручваньня алькаголем памерлі 482 чалавекі. Самагубстваў — 470. Ужо амаль 1 тысяча чалавек загінула ад алькаголю і самагубстваў. На пажарах загінулі 218 чалавек. На дарогах за 4 месяцы ў аварыях загінулі 163 чалавекі. Патанулі 89 чалавек — амаль столькі, колькі ад рознага роду хваробаў, абцяжараных COVID-19», — прывёў статыстыку Аляксандар Лукашэнка.

11:36 3.5.2020

Лукашэнка: «Сёньня атрымліваецца стрымліваць захворваньне ў цэлым»

У нядзелю, 3 траўня на нарадзе ў прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі абмяркоўваюць імпрэзы да Дня Перамогі і эпідэміялягічную сытуацыю ў краіне, паведамляе БелТА.

«На сёньняшні дзень атрымоўваецца стрымліваць захворваньне ў цэлым. Што тычыцца інфэкцыйных захворваньняў, то мы ідзем выразна ў тым прагнозе, які быў два месяцы таму дакладзены мне», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка вобразна адзначыў, што [савецкае] войска 41-га года і армія 45-га — гэта дзьве розныя арміі, падкрэсьліўшы, што сыстэма аховы здароўя, дактары ў Беларусі ўжо атрымалі неабходны вопыт лячэньня хворых.

«Я гляджу кожныя суткі інфармацыю. Сёньня атрымаў. Па пнэўманіі, што я вельмі кантралюю, занятыя ўсяго 10% ад наяўнасьці апаратаў. У нас сёньня на ШВЛ крыху больш за 200 чалавек. А апаратаў ШВЛ — 2,5 тысячы плюс паўтысячы наркозна-дыхальных, калі гэта трэба будзе», — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка падкрэсьліў, што сёньня галоўнае — гэта лячэньне людзей.

«Аналізуючы ўсю сытуацыю, нам асаблівую ўвагу, што мы сёньня і робім, трэба зьвярнуць на пнэўманіі. Галоўнае для нас сёньня — гэта лячэньне людзей — пнэўманіі. Прашу гэта мець на ўвазе. Для мяне гэта пытаньне нумар адзін. І я вельмі сур’ёзна кантралюю гэтыя працэсы», — заявіў кіраўнік Беларусі.

Паводле яго словаў, у Беларусі вырашаны ўсе пытаньні, зьвязаныя ня толькі з бясьпекай лекараў у шпіталях, але і на іншых узроўнях.

«Лекаў у нас хапае. Прытым для лячэньня самымі сучаснымі новымі спосабамі. Сёньня атрымліваецца стрымліваць захворваньне ў цэлым. Што тычыцца інфэкцыйных захворваньняў, то мы ідзем дакладна ў тым прагнозе, які быў два месяцы таму дакладзены мне», — заявіў кіраўнік дзяржавы.

11:13 3.5.2020

У Расеі за суткі зафіксавалі рэкордныя 10633 новыя выпадкі COVID-19

Памерлі за той жа пэрыяд 58 чалавек, як паведамляюць у нядзелю ў апэратыўным штабе па барацьбе з распаўсюджваньнем каранавіруса.

Агульная колькасьць ахвяр COVID-19 узрасла ў Расіі да 1280, колькасьць хворых складае цяпер 134 687 чалавек — сёмае месца ў сьвеце.

У расейскай арміі і ваенных навучальных установах з сакавіка па 2 мая заразіліся каранавірусам 2,6 тысячы чалавек, паведамляе РБК са спасылкай на бюлетэнь Мінабароны. Першае тэставаньне паказала заражэньне прыкладна 200 выхаванцаў ваенных вучэльняў.

Ваенныя мэдыкі знайшлі каранавірус у 1177 вайскоўцаў у арміі і ў 1195 курсантаў у ВНУ Мінабароны Расіі. Сярод грамадзянскага пэрсаналу Ўзброеных сіл больш за 320 інфікаваных.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG