Беларусь прайшла 30% шляху да канца пандэміі, — статыстычны прагноз
Тэндэнцыі ў паказьніках летальнасьці COVID-19 у Беларусі і рэгіёне зь мінулага тыдню захаваліся і сёньня, піша Юры Дракахруст.
Сьцісла
- У Беларусі паказьнік «колькасьць усіх сьмерцяў / колькасьць усіх выпадкаў інфікаваньня» на працягу месяца быў найменшым сярод 6 краінаў-суседак.
- Паказьнік летальнасьці для Беларусі адносна закрытых выпадкаў у краіне таксама найменшы ў рэгіёне.
- Паводле прагнозу, да канца пандэміі ад каранавірусу ў Беларусі памрэ сама меней 370 чалавек.
- Паводле індыкатара «колькасьць закрытых выпадкаў / колькасьць усіх інфікаваных» Беларусь прайшла 30% шляху да канца пандэміі.
Колькасьць новых выпадкаў COVID-19 у Расеі зноў перавысіла 10 тысяч за суткі
Паводле дадзеных на 15 траўня, за мінулыя суткі ў Расеі зарэгістраваныя 10 598 новых выпадкаў COVID-19 (+ 4,2%) у 85 рэгіёнах, паведамляе апэратыўны штаб барацьбы з каранавірусам. Сярод новых пацыентаў у 42,5% не было клінічных праяў хваробы.
За апошнія суткі ў Расеі памерлі яшчэ 113 чалавек (напярэдадні — 93), 68 зь іх — у Маскве (напярэдадні — 58). За ўвесь пэрыяд распаўсюджваньня каранавірусу ў Расіі памерлі 2 418 пацыентаў.
Паправіліся за суткі 4 696 чалавек, 1 235 — у Маскве. Усяго за ўвесь пэрыяд выпісаныя 58 226 пацыентаў.
Усяго ў Расеі зарэгістраваны 262 843 выпадкі COVID-19. Краіна трывала замацавалася на другім месцы ў сьвеце паводле колькасьці тых, хто захварэў каранавіруснай інфэкцыяй.
Для «калектыўнага імунітэту» да COVID-19 яшчэ вельмі мала тых, хто перахварэў, — дасьледаваньні з Францыі і Гішпаніі
Канец пандэміі COVID-19 часта зьвязваюць з узьнікненьнем так званага калектыўнага імунітэту. Выпадкі паўторнага заражэньня сярод тых, хто перахварэў, амаль не фіксуюць, таму ёсьць надзея, што, калі дастаткова людзей перахварэе, вірус SARS-CoV-2 перастане распаўсюджвацца.
Але для калектыўнага імунітэту, як мяркуюць навукоўцы, трэба, каб заразіліся і перахварэлі каля 65% насельніцтва. Як піша BBC, прынамсі ў Францыі і Гішпаніі заразіліся пакуль 4,4% і 5% адпаведна — і гэтая выснова навукоўцаў большая за афіцыйныя лічбы.
Пры тым нават у самых пацярпелых раёнах хварэла далёка не палова насельніцтва. Паводле Інстытуту Пастэра, на 11 траўня ў Парыжы і ўсходніх рэгіёнах у сярэднім хварэлі 9–10%. А паводле Інстытуту аховы здароўя імя Карласа ІІІ і Нацыянальнага інстытуту статыстыкі Гішпаніі, у Мадрыдзе антыцелы выявілі ў 11% насельніцтва, у Барсэлёне ў 7,1%.
У большасьці дасьледаваньняў сьцьвярджаецца, што сьмяротнасьць ад COVID-19 не перавышае 1%, але, калі верыць разьлікам гішпанскіх навукоўцаў, яна можа дасягаць 1,5%, калі лічыць тых памерлых, каму ня быў пастаўлены слушны дыягназ.
«Калектыўны імунітэт ня будзе магчымым датуль, пакуль ня зьявіцца вакцына, — сказаў El País прэзыдэнт Гішпанскага эпідэміялягічнага таварыства Пэрэ Гадой. — Калі толькі, вядома, мы ня будзем гатовыя да вялікай колькасьці сьмерцяў. Вірус аказаўся вельмі небясьпечным, і стратэгія, якая прадугледжвае яго свабоднае хаджэньне, спалучаная зь велізарнай рызыкай».
Міністар адукацыі Беларусі: школы ў сярэднім наведвае 41% навучэнцаў
«Сёньня на 10 гадзін раніцы з 1 015 600 вучняў, якія ёсьць у краіне, у школах прысутнічае 41%. Гэта ў першую зьмену», — казаў міністар Ігар Карпенка вечарам 14 траўня.
Ён адзначыў, што наведвальнасьць у школах адрозьніваецца па рэгіёнах, асабліва ў сельскай мясцовасьці: там «значна больш» школьнікаў на занятках. А ў Менску іх каля 27-28%.
Праз эпідэмію каранавірусу COVID-19 вясновыя канікулы сёлета працягнулі агулам на два тыдні: спачатку да 11-га, пасьля да 18 красавіка. 17 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што неабходна пачынаць навучальны працэс у школах 20 красавіка. Паводле інфармацыі Мінадукацыі, на заняткі ў першы дзень прыйшлі 30-40% вучняў.
Някляеў: «Швэдам адпачатку ніхто не маніў, не казаў, што каранавірус — проста псыхоз»
Пісьменьнік і кандыдат у прэзыдэнты на выбарах-2010 Ўладзімер Някляеў трэці месяц у самаізаляцыі.
У інтэрвію Свабодзе ён расказаў, як праводзіць гэты час, пра зьмену плянаў на прэзыдэнцкія выбары, пра тое, чаму станоўча ацэньвае вылучэньне Бабарыкі і Цапкалы, як працуе над новай аповесьцю пра вірус і пандэмію, як спрачаўся са швэдзкімі айцішнікамі і чаму на самым пачатку пандэміі вы вярнуліся са Швэцыі ў Беларусь.
Лічбы на раніцу 14 траўня
- У сьвеце зафіксавалі звыш 4,5 мільёна выпадкаў COVID-19: каля 1,46 млн у ЗША, 272,5 тысячы ў Гішпаніі, звыш 252 тысяч у Расеі, 233 тысячы ў Вялікай Брытаніі, 223 тысячы ў Італіі, 203 тысяч у Бразыліі, амаль 179 тысяч у Францыі, 175 тысяч у Нямеччыне, звыш 144,5 тысячы ў Турэччыне, звыш 114,5 тысячы ў Іране.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце прызнаныя сьмерці 301 426 чалавек. Зь іх 86 912 у ЗША, 33 614 у Вялікай Брытаніі, 31 368 у Італіі, 27 425 у Францыі, 27 321 у Гішпаніі.
- Выпісалі 1,7 мільёна пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца 2,5 млн, зь іх 45,5 тысячы ў цяжкім ці крытычным стане.
«Гэта рэальна страшна». Асуджаны на «суткі» лідзкі фэльчар выйшаў на волю
Фэльчар Павал Палейчык быў затрыманы ўвечары 7 траўня, калі пасьля працоўнай зьмены на «хуткай» прыйшоў у лідзкі РУУС пасьля тэлефоннага выкліку. Паводле Паўла, у пратаколе аб правапарушэньні было напісана, што ён удзельнічаў у масавым сходзе, арганізаваным без дазволу райвыканкаму.
Суд над Паўлам адбыўся на наступны дзень — 8 траўня. Павал Палейчык расказвае, што частку тэрміну адседзеў з сукамэрнікам — іх трымалі па двое ў адной камэры.
Пасьля арышту Паўла і іншых удзельнікаў лідзкай сустрэчы Ціханоўскага ў інтэрнэце для арыштаваных літаральна за суткі сабралі некалькі тысяч рублёў.
«Вельмі ўдзячны за падтрымку, за лісты. Што са мной зараз будзе, я ня ведаю. Хачу пабыць зь сям’ёй, са сваімі дзецьмі». Заўтра ў Паўла Палейчыка працоўны дзень, ён павінен зьвіцца на працы ў ранішнюю зьмену. Фэльчар гаворыць, што пакуль ня ведае, ці чакаюць яго на «хуткай».
Навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 14 траўня
- Паводле міністэрства аховы здароўя Беларусі, на 14 траўня ў Беларусі агулам 26 772 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя), 151 памерлы. За дзень выявілі яшчэ 947 выпадкаў і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў.
- Да 15 траўня ўключна Цэнтральная выбарчая камісія прымае заявы на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі. За апошнія дні дакумэнты падалі 34 чалавекі, яшчэ шэраг палітыкаў і бізнэсоўцаў абяцалі падаць заявы. Некаторыя апазыцыйныя палітыкі выступілі з заклікамі не праводзіць кампанію у час пандэміі.
- У Магілёве асудзілі блогера Кастуся Сярогіна, якога гараджане адбілі ад міліцыі і якога пазьней шпіталізавалі з падазрэньнем на COVID-19.
- Паводле САЗ, для поўнага кантролю над вірусам COVID-19 можа спатрэбіцца пяць гадоў. Пры гэтым, лічаць экспэрты, будуць знойдзеныя мэтады лячэньня, але вірус ня зьнікне — гэтаксама як было зь ВІЧ.
- Памерлі двое супрацоўнікаў Сьвірскага дома-інтэрнату, мясцовыя кажуць пра ўспышку COVID-19
- Цела 87-гадовай мянчанкі з COVID-19 праляжала ў кватэры 16 гадзін.
- Пасьля менскага параду амбасадар Славаччыны Ёзэф Мігаш падаў у адстаўку. Сьцьвярджаецца, што Мігаш не параіўся са сваім Міністэрствам замежных спраў адносна рашэньня ўзяць удзел у парадзе 9 траўня ў Менску, чым парушыў пратакол.
- Міністар адукацыі Ігар Карпенка 14 траўня ў эфіры тэлеканалe «Беларусь 1» паведаміў, што настаўнікі на месцах будуць самі вызначаць, у якім фармаце атэставаць школьнікаў у канцы году.
Не выкарыстоўваць пандэмію для барацьбы з апазыцыяй — ПАРЭ перасьцерагае Баку
Парлямэнцкая Асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) перасьцерагла Азэрбайджан ад выкарыстаньня эпідэміі каранавірусу для барацьбы з апазыцыяй.
Назіральнікі ПАРЭ паведамілі, што больш за 15 азэрбайджанскіх актывістаў і журналістаў былі арыштаваныя на тэрміны да 30 дзён за парушэньні абмежаваньняў у часе пандэміі і непадпарадкаваньне паліцыі. ПАРЭ асьцерагаецца, што жыцьцё палітычных апанэнтаў Баку ў зьняволеньні можа апынуцца пад пагрозай з прычыны пагрозы заражэньня інфэкцыяй. Асамблея заклікала ўлады Азэрбайджану гарантаваць свабоду выказваньняў і не злоўжываць захадамі барацьбы з пандэміяй COVID-19 для ціску на палітычных апанэнтаў.
САЗ і ААН: COVID-19, як і ВІЧ, нікуды ня зьнікне
Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) і ААН заявілі, што пандэмія каранавірусу наносіць шкоду псыхічнаму здароў’ю і заклікалі кіраўнікоў краінаў зьвярнуць сур’ёзную ўвагу на псыхалягічную дапамогу.
Як паведамляе брытанская The Guardian, САЗ засьцерагла ад спробаў прадказаць, колькі часу вірус будзе працягваць цыркуляваць, і заклікала да “вялікіх намаганьняў” ў справе барацьбы зь ім. «Гэты вірус можа ніколі не сыйсьці» — цытуе The Guardian словы кіраўніка САЗ па надзвычайных сыіуацыях Майкла Раяна.
Тым часам, кіраўнік Эўрапэйскага агенцтва лекавых сродкаў Марка Кавалеры выказаў скептычнае стаўленьне адносна заяваў пра тое, што вакцына ад каранавірусу можа быць створаная ўжо да верасьня. У агенцтве лічаць, што для гэтага спатрэбіцца каля году.
Памерлі двое супрацоўнікаў Сьвірскага дома-інтэрнату, мясцовыя кажуць пра ўспышку COVID-19
14 траўня ў гарадзкім пасёлку Сьвір Мядзельскага раёну разьвіталіся з загадчыкам гаспадаркай псыханэўралягічнага дома-інтэрнату 62-гадовым Віктарам Янцэвічам. Паводле родных, у даведцы пра ягоную сьмерць стаіць каранавірусная інфэкцыя, паведамляе партал TUT.BY.
Паводле выданьня, 13 траўня ў шпіталі памёр кіраўнік гаспадаркі дома-інтэрнату 57-гадовы Пётар Валынец. Жонкі абодвух мужчынаў, таксама супрацоўніцы інтэрнату, знаходзяцца ў шпіталі. Як сказала выданьню дачка памерлага Віктара Янцэвіча, дырэктар інтэрнату Казімір Русак «застаўся з хворымі амаль адзін, многія супрацоўнікі захварэлі».
Як распавёў TUT.BY валянтэр, які шмат гадоў падтрымлівае Сьвірскі інтэрнат, «яшчэ ў красавіку больш за 20 супрацоўнікаў інтэрната былі шпіталізаваны ў лякарню з падазрэньнем на двухбаковую пнэўманію. А на днях зрабілі тэсты на каранавірус — COVID-19 пацьвердзіўся ў 18 чалавек з пэрсаналу і 13 пацыентаў, а ўсяго ў інтэрнаце больш за 150 чалавек (дадзеныя па захварэлым афіцыйна не пацьверджаныя, заўважае TUT. BY).
Тое, што ў інтэрнаце ўспышка захворваньня, пацьвярджаюць выданьню і мясцовыя жыхары зь вёскі Камарова і гарадзкога пасёлка Сьвір.
«Паставіліся па-скоцку». Цела 87-гадовай мянчанкі з COVID-19 праляжала ў кватэры 16 гадзін
«Мы прайшлі проста колы пекла, вам не перадаць, што мы перажылі», — мянчанка Марына расказвае гісторыю сьмерці сваёй 87-гадовай цёці Веры. Цела жанчыны пасьля сьмерці больш за 16 гадзін праляжала ў кватэры, кажа пляменьніца.
Сям’я спрабавала пахаваць яе як чалавека са станоўчым тэстам на COVID-19 — каб усе, хто займаецца пахаваньнем, мелі адмысловую засьцярогу і не пазаражаліся. Аднак, сьцьвярджае пляменьніца Марына, зрабіць гэта аказалася немагчыма. Інтэрвію цалкам па спасылцы >>
Дзе ў сьвеце ад COVID-19 найбольш пацярпеў рынак працы. Адной карцінкай
Апазыцыя расказала, як будзе назіраць за выбарамі падчас пандэміі і сачыць за парушэньнямі рэкамэндацыяў WHO
Кампанія «Права выбару», у якую аб'ядналіся прадстаўнікі апазыцыйных партый Беларусі, на дыстанцыйнай прэс-канфэрэнцыі 14 траўня заявіла, што далей настойвае на пераносе прэзыдэнцкіх выбараў на пазьнейшыя тэрміны ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Тым не менш яна будзе назіраць за ўсімі этапамі выбараў, прызначаных на 9 жніўня.
Назіральнікі ад кампаніі на прэзыдэнцкіх выбарах будуць дадаткова фіксаваць парушэньні рэкамэндацыяў Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO), накіраваных супраць распаўсюду COVID-19. Таксама кампанія ставіць за мэты патрабаваньне прыняць рэкамэндацыі АБСЭ па выбарчым заканадаўстве і засьцярогу выбарнікаў і ўдзельнікаў кампаніі ад заражэньня новым каранавірусам. Цалкам чытайце тут.
Каму найбольш пагражае COVID-19?
Гендэрны і ўзроставы падзелы, геаграфічныя асаблівасьці, даступнасьць хуткай мэдычнай дапамогі, шчыльнасьць насельніцтва, умовы працы — журналіст Свабоды Эндзі Гайл апісвае, як гэтыя фактары ўплываюць на рызыку захворваньня і сьмерці ад каранавірусу. Чытайце па спасылцы>>
Мама ў шпіталі, пляменьнік захварэў на COVID-19 у войску, — Ганна Бонд аб працы ў самаізаляцыі і цкаваньні на парадзе
Блогерка і вядоўца Ганна Бонд у часе пандэміі самаізалявалася, бо яна ў групе рызыкі. Найбольш трывожыцца за маці, якая з інсультам трапіла ў шпіталь, і за пляменьніка, які заразіўся каранавірусам у войску. Знаходзячыся пераважна дома, Ганна ўзяла ўдзел у беларускамоўным онлайн-праекце чытаньня швэдзкіх казак, схавала электронную вагу пад ложак, каб не стрэсаваць, і рыхтуе новы праект для youtube. Чытайце па спасылцы>>
У Беларусі адкладуць уступную кампанію ў сувязі з каранавірусам, ЦТ пачнецца 25 чэрвеня
Уступная кампанія ў Беларусі адкладаецца на 12 дзён: цэнтралізаванае тэставаньне павінна было пачацца 13 чэрвеня, а пачнецца 25-га, паведаміў міністар адукацыі Ігар Карпенка пасьля нарады з Аляксандрам Лукашэнкам.
Што да выпускных у школах, Мінадукацыі прапануе вырашаць гэта пытаньне індывідуальна ў кожнай навучальнай установе. Цалкам чытайце тут.
Ізраіль прыдумаў, як бясьпечна аднавіць авіяпералёты, і прануе гэты шлях іншым краінам
У аэрапорце Бэн-Гурыён каля Тэль-Авіву стартавала экспэрымэнтальная праграма адпраўкі пасажырскіх рэйсаў з захадамі бясьпекі супраць заражэньня каранавірусам.
Пасажыры, якія пакідаюць Ізраіль авіярэйсам, павінны прыбыць на лётнішча за чатыры гадзіны да старту самалёта, у масцы і без суправаджальных асобаў. У аэрапорце, у «зоне без каранавірусу», у пасажыраў замяраюць тэмпэратуру і патрабуюць ад іх дэзынфэкаваць рукі.
Паўтары сотні прызнаных сьмерцяў. Міністэрства здароўя Беларусі апублікавала статыстыку распаўсюду COVID-19
Паводле міністэрства, на 14 траўня ў Беларусі:
- агулам 26 772 чалавекі са станоўчым тэстам на COVID-19 (у іх лік уваходзяць ачунялыя і памерлыя);
- 151 памерлы, зь якіх усе, як піша міністэрства, былі «з шэрагам хранічных захворваньняў» і каранавіруснай інфэкцыяй (шматлікія родзічы памерлых кажуць, гэта ня так — паміралі і без хранічных хваробаў);
- 8168 пацыентаў паправіліся і выпісаныя пасьля COVID-19;
- Гэта значыць, за дзень выявілі яшчэ 947 выпадкаў і прызналі яшчэ 5 сьмерцяў, выпісалі 457 чалавек;
- ад пачатку эпідэміі ў краіне зрабілі 308 156 тэстаў (плюс 11 776 за дзень);
- колькі пацыентаў у цяжкім стане ці на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, а таксама колькі хворых выпісалі дамоў на «амбуляторнае лячэньне», не паведамляецца.
Беларускія лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ, а мэдыкам бракуе сродкаў засьцярогі. У рытуальным агенцтве кажуць, што ў памерлых часьцей пазначаны дыягназ «неўдакладненая пнэўманія», а не «каранавірус». Міністэрства здароўя не залічвае да памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
У афіцыйнай статыстыцы колькасьці зробленых тэстаў была анамалія — нібыта за 4 траўня зрабілі 0 тэстаў (і выявілі 861 новы выпадак), хоць да і пасьля таго рабілі па 7–9 тысяч на дзень.
Да 14 траўня восем дзён запар міністэрства прызнавала па больш як 900 новых выпадкаў на дзень. Ад 25 красавіка колькасьць новых выпадкаў на дзень не была меншай за 800, амаль штодзень прызнавалі 4 ці 5 новых сьмерцяў (3 траўня прызналі толькі 2 сьмерці, 12-га — 7).
У Расеі ўпершыню з 2 траўня выявілі менш за 10 тысяч выпадкаў COVID-19 за суткі
За мінулыя суткі зарэгістравана 9974 новых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі.
Упершыню з 2 траўня колькасьць выяўленых у краіне за суткі выпадкаў COVID-19 ўпала ніжэй за адзнаку ў 10 тысяч, паведамілі ў чацьвер, 14 траўня ў апэратыўным штабе для папярэджаньня распаўсюджваньня хваробы.
Колькасьць заражэньняў зьніжаецца трэці дзень запар.
Больш за ўсё новых выпадкаў інфікаваньня за суткі выяўлена ў Маскве (4712) і Маскоўскай вобласьці (918). Толькі яшчэ ў трох рэгіёнах колькасьць новых заражэньняў перавысіла сто — гэта Санкт-Пецярбург, Ніжагародзкая і Іванаўская вобласьці.
Ненецкая аўтаномная акруга аказалася адзіным рэгіёнам у краіне, дзе за суткі не было выяўлена ніводнага выпадку заражэньня.
Памерлі за суткі 93 пацыента, зь іх 58 сьмяротных выпадкаў — у Маскве.
Усяго з пачатку эпідэміі ў краіне зарэгістравана 252 245 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі. Паводле дадзеных Унівэрсытэту Джонса Гопкінса, Расея знаходзіцца на другім месцы ў сьвеце паводле колькасьці зарэгістраваных хворых на COVID-19 — пасьля ЗША. Усьлед за Расеяй у пяцёрцы — Вялікабрытанія, Гішпанія і Італія.