Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Мінадукацыі расказалі, якія выключэньні зрабілі для школьнікаў на карыстаньне мабільнымі сродкамі


Міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец. Архіўнае фота
Міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец. Архіўнае фота

Міністар адукацыі Беларусі Андрэй Іванец заявіў, што ў школах застануцца дзеці, на якіх ня будзе распаўсюджвацца забарона на выкарыстаньне мабільных прыладаў, што ўводзіцца з 1 верасьня.

«Каб максымальна шырока патлумачыць, у тым ліку бацькам і вучням, аб парадку выкарыстаньня мабільных сродкаў у школах, Міністэрства адукацыі падрыхтавала адпаведную памятку, што важна ведаць дзецям, якім патрэбна мабільная прылада па мэдычных паказаньнях, напрыклад, для маніторынгу цукру ў крыві або па іншых мэдычных паказаньнях», — працытавала Іванца дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Паводле яго, для магчымасьці карыстацца мабільнымі прыладамі будзе патрэбны адпаведны дакумэнт з установы аховы здароўя.

Апроч таго, па мэдычных паказаньнях можна будзе карыстацца пляншэтамі з электроннымі навучальнымі падручнікамі.

«Прылады павінны быць бяз выхаду ў Інтэрнэт і без магчымасьці забесьпячэньня мабільнай сувязі. Тут мова ідзе аб тых дзецях, якія маюць праблемы з апорна-рухальным апаратам, якім не паказана нашэньне заплечнікаў з навучальнымі дапаможнікамі», — дадаў міністар.

Адказваючы на пытаньне, ці можна будзе карыстацца электроннай кнігай, якая ўтрымлівае падручнікі, Андрэй Іванец сказаў, што гэтае пытаньне будзе вырашацца індывідуальна. «Калі прылада ня мае выхаду ў інтэрнэт і падключэньня да мабільнай сувязі, то ня будзе праблем», — адзначыў кіраўнік Міністэрства адукацыі Беларусі Андрэй Іванец.

Што папярэднічала

  • У 2025/2026 навучальным годзе ў Беларусі адкрыецца сем новых устаноў адукацыі, паведаміла на прэсавай канфэрэнцыі 15 жніўня ў Менску намесьніца начальніка галоўнага ўпраўленьня агульнай сярэдняй і дашкольнай адукацыі Міністэрства адукацыі Ірына Каржова.
  • З 1 верасьня школа, паводле слоў Каржовай, будзе «тэрыторыяй без мабільных тэлефонаў», для гэтага «праведзеныя ўсе неабходныя падрыхтоўчыя мерапрыемствы».
  • З 1 верасьня на заканадаўчым узроўні замацавана, што навучэнцы павінны быць у адзеньні дзелавога стылю, за выключэньнем заняткаў па фізычнай культуры і працы.
  • У верасьні пачне працаваць больш за 2.600 устаноў агульнай і сярэдняй адукацыі, дзе будзе навучацца каля 1 млн 50 тыс. вучняў, у тым ліку 90 тыс. першаклясьнікаў, што на 20 тысяч менш, чым летась.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG