Адпаведны праект закона для прызыўнікоў і ваеннаслужачых тэрміновай службы на пэрыяд ваеннага або надзвычайнага становішча быў зарэгістраваны ў Вярхоўнай Радзе 22 жніўня.
Дакумэнт удакладняе арт. 6 Закона «Аб парадку выезду з Украіны і ўезду ва Украіну грамадзян Украіны», прадугледжваючы выключэнні для асоб ва ўзросьце да 24 гадоў, якія не падлягаюць прызыву на вайсковую службу.
«Часовае абмежаваньне права выезду з Украіны не можа быць усталявана ў дачыненьні да прызыўнікоў і ваеннаслужачых тэрміновай службы, якія не падлягаюць прызыву на вайсковую службу падчас мабілізацыі ў бягучым і наступным гадах з прычыны недасягненьня імі ўзросту прызыву на вайсковую службу падчас мабілізацыі», — гаворыцца ў праекце закона.
Адначасова, як адзначаецца ў тлумачальнай запісцы, з мэтай «прадухіленьня злоўжываньня правам на выезд з Украіны з мэтай ухіленьня ад выкананьня канстытуцыйнага абавязку грамадзян Украіны абараняць Айчыну лічыцца мэтазгодным захаваць існуючае абмежаваньне на выезд з Украіны для грамадзян Украіны мужчынскага полу, якім споўнілася 25 гадоў».
Аўтары законапраекта лічаць, што забарона на свабоднае перамяшчэньне грамадзян Украіны мужчынскага полу ва ўзросьце ад 18 да 25 гадоў праз дзяржаўную мяжу Украіны стварае сур’ёзныя перашкоды для вяртаньня моладзі ва Украіну, а таксама стварае цяжкасьці для падтрыманьня сувязяў з роднымі і радзімай. Акрамя таго, гэтая забарона правакуе пошук шляхоў яе абыходу, звычайна звязаных з парушэньнем закона".
12 жніўня прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі абвясьціў, што даручыў ураду сумесна з ваенным камандаваньнем распрацаваць спрашчэньне перасячэньня дзяржаўнай мяжы для маладых украінцаў.
З пачаткам маштабнай узброенай агрэсіі Расейскай Федэрацыі супраць Украіны і ўвядзеньнем у краіне ваеннага становішча і ўсеагульнай мабілізацыі было ўстаноўлена абмежаваньне для прызыўнікоў і ваеннаслужачых мужчынскай катэгорыі ва ўзросьце ад 18 да 60 гадоў на права выезду за мяжу.
Форум