Алеся Чаркашына ў інтэрвію Свабодзе згадвае ягоны зямляк, праваабаронца Ўладзімер Вялічкін.
Тады ішла антытэрарыстычная апэрацыя на Данбасе, куды ў 2014 годзе ўварваліся расейскія войскі. Цяпер ідзе поўнамаштабная вайна Расеі супраць Украіны, і маштабы баявых стратаў, у тым ліку сярод беларускіх грамадзянаў, якія абараняюць Украіну, шматкроць вырасьлі.
Алеся Чаркашына згадваюць ягоныя бацькі і сваякі, аднадумцы з аргкамітэту партыі Беларуская хрысьціянская дэмакратыя і вернікі пратэстанцкай царквы, у якую ён уваходзіў. А таксама баявыя пабрацімы, якія працягваюць ваяваць з агрэсарам.
«Хаваюць ваяра». Гэтыя словы праваабаронца «Вясны» зь Берасьця Ўладзімер Вялічкін пачуў на пахаваньні Алеся Чаркашына 3 верасьня 2015 году.
«Запомнілася, што сказаў гэта нават не падлетак, а хлопчык узростам усяго 10, можа, 12 гадоў», — расказаў Свабодзе Ўладзімер Вялічкін.
Праваабаронца быў уражаны тым, як шмат людзей прыйшло на разьвітаньне з Алесем Чаркашыным. І што ў двары ягонага дому, калі выносілі труну, людзі ставалі на калені.
Уладзімер Вялічкін пазнаёміўся з Алесем Чаркашыным двума гадамі раней. 15 сьнежня 2013 году Чаркашын зладзіў пэрформанс — прамаўляў каля ганку Берасьцейскага аблвыканкаму, абвязаўшы рукі ланцугамі і абліўшыся чырвонай фарбай. Так актывіст заклікаў улады пакаяцца за свае грахі перад народам.
«Пасьля акцыі Алесь прыйшоў да нас у офіс, чакаў арышту. Меў патрэбу ў праваабарончай дапамозе, а больш, відаць, у маральнай падтрымцы, але мы адчулі, наколькі ён сам быў моцным чалавекам, здольным дапамагаць іншым», — згадаў праваабаронца Ўладзімер Вялічкін.
У 2014 годзе Чаркашын увайшоў у склад Добраахвотнага ўкраінскага корпусу «Правага сэктару», меў пазыўны «Тарас», служыў вайсковым капэлянам. 10 жніўня 2015 году Чаркашын быў цяжка паранены ў баі пад Белакаменкай на Данбасе і празь некалькі тыдняў памёр у шпіталі ў Запарожжы. Добраахвотніку было 32 гады.
Алеся Чаркашына пахавалі на могілках вёскі Камяніца Жыравецкая ў Берасьцейскім раёне.
Яго пасьмяротна ўзнагародзілі мэдалём «За самаахвярнасьць і любоў да Ўкраіны» і ордэнам «Народны герой Украіны», а таксама мэдалём Ордэну Пагоні, які ў 2022 годзе заснавала Рада БНР.
За час пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну загінулі больш як 70 беларускіх добраахвотнікаў, якія ваявалі на баку Кіева. Імёны многіх зь іх застаюцца нераскрытымі з прычынаў бясьпекі.
Форум