Такое імя фігуравала ў паказаньнях экс-байца СОБРа Юрыя Гараўскага, які сьцьвярджаў, што Буцько быў датычны да выкраданьняў і забойстваў палітычных апанентаў Аляксандра Лукашэнкі ў 1999 годзе.
7 траўня 1999 году ў Беларусі зьнік міністар унутраных спраў Юры Захаранка, 16 верасьня — экс-кіраўнік Цэнтравыбаркаму Віктар Ганчар і бізнэсовец Анатоль Красоўскі.
У 2019 годзе былы баец СОБРа Юрый Гараўскі, які папрасіў палітычнага прытулку ў Эўропе, заявіў у інтэрвію Deutsche Welle, што быў удзельнікам выкраданьняў і забойстваў. Яго паказаньні сталі асновай для абвінавачаньня ў судзе ў Швайцарыі ў 2023 годзе. Імя Ўладзімера Буцько гучала і ў інтэрвію, і на судзе.
Паводле паказаньняў Гараўскага, Буцько прымаў непасрэдны ўдзел у выкраданьні Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. Гараўскі сьцьвярджаў, што менавіта Буцько разам з Юрыем Барадачом затрымалі Анатоля Красоўскага.
«Паўлічэнка сабраў усіх раніцай і сказаў, што едзем затрымліваць аднаго ці двух чалавек. Запытаўся: „Усе гатовыя?“. Мы адказалі: „Так“. Мы пад’ехалі да саўны, сядзелі ў дзьвюх машынах.
Паўлічэнка мне і Ўладзімеру Буцько сказаў прайсьціся і паглядзець, дзе і як мы будзем рабіць затрыманьне.
Я і Панкоў дасталі з машыны Ганчара, паклалі на зямлю. Пры разьбіцьці шкла я ўжо асэнсоўваў усю цяжкасьць злачынства. Я спэцыяльна разьбіў яму (Ганчару) нос, каб пайшла кроў.
Буцько і Барадач затрымалі Красоўскага.
Пасьля гэтага ў машыну сеў кіроўца, машына — джып чорнага колеру. Мы паехалі ў бок Бегамлі. Па дарозе, калі мы выехалі на кальцавую, мы спыніліся на паркоўцы. Паўлічэнка выйшаў з машыны; празь пяць хвілін падышоў і зазірнуў у машыну іншы мужчына. Ён загадаў: „Падыміце галовы“. І я пачуў адказ гэтага мужчыны: „Так, гэта ён“. Паўлічэнка сеў у машыну, і мы паехалі ў Бегамлю.
У Бегамлі Паўлічэнка сказаў дастаць іх з машыны і пакласьці побач. Пасьля гэтага падышоў Паўлічэнка і стрэліў у сьпіну абодвум, па два стрэлы зрабіў.
Пасьля хвілін праз 5-10 сказаў разьдзець іх, і калі я разьдзяваў Ганчара, то ўбачыў, што ў яго на левай назе няма вялікага пальца. Я запусьціў руку ў туфель і дастаў спэцыяльную вусьцілку. Мы склалі ўсе рэчы ў адну кучу, прыйшоў Балынін і забраў усе рэчы».
Гараўскі сказаў, што целы Ганчара і Красоўскага ўдзельнікі «эскадрону сьмерці» пасьля закапалі, а рэчы спалілі, апроч абутку.
«Бо ён доўга гарыць», — дадаў Паўлічэнка.
У паказаньнях таксама згадваюцца Юры Сівакоў, які на той момант быў міністрам унутраных спраў, і Віктар Шэйман, дзяржсакратар Савета бясьпекі. Паводле меркаваньня Гараўскага, гэтыя асобы былі ў курсе таго, што адбываецца.
Сьпіс асоб, імя якіх фігуруе ў справе аб выкраданьнях і забойствах (паводле паказаньняў Юрыя Гараўскага):
- Балынін
- Барадач Юры
- Будзько Юры
- Буцько Ўладзімер
- Гараўскі Юры
- Кажэўнікаў
- Карповіч Дзьмітры
- Наватарскі
- Паўлічэнка Дзьмітры
- Панкоў
- Румянцаў Аляксей
- Шкіндзераў Сяргей
Швайцарскі суд Юрыя Гараўскага апраўдаў.
Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў
- 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
- 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.
- Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
- У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
- На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
- 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.
- 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
- 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
- Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.
Форум