Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што сказалі на саміце ШАС Сі, Пуцін і Лукашэнка


Удзельнікі саміту ШАС, жнівень–верасень 2025 году
Удзельнікі саміту ШАС, жнівень–верасень 2025 году

Старшыня КНР заявіў, што Кітай паскорыць стварэньне банку разьвіцьця ШАС, на штогадовым саміце арганізацыі ў Цяньдзіні ў панядзелак, 1 верасьня.

Старшыня КНР Сі Дзіньпін, кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін, прэм’ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка і кіраўнікі некалькіх дзясяткаў іншых краін сустракаюцца ў рамках ШАС. Група, якая першапачаткова разглядалася як процівага ўплыву ЗША ў Цэнтральнай Азіі, з гадамі вырасла ў памерах і ўплыве, але ў асноўным застаецца форумам бясьпекі, піша Associated Press.

«Цяпер, па меры таго як глябальная сытуацыя робіцца больш складанай і турбулентнай, дзяржавы-чальцы сутыкаюцца з больш складанымі абавязкамі ў галіне бясьпекі і разьвіцьця», — сказаў Сі Дзіньпін, адкрываючы форум.

Сі абяцаў сябрам ШАС у выглядзе крэдытаў цягам наступных трох гадоў 1,4 мільярда даляраў, не прызначаных адмыслова для гэтага новага банку. Заснаваньнем банку і акцэнтам на крэдыты Сі спрабуе пашырыць маштаб дзейнасьці арганізацыі, адзначае агенцтва.

У сваёй прамове Сі заклікаў гасьцей, у тым ліку Пуціна і Модзі, «прытрымлівацца справядлівасьці і законнасьці… супрацьстаяць мэнталітэту халоднай вайны, блёкавай канфрантацыі і запалохваньню, абараняць міжнародную сыстэму з ААН як яе ядром».

Заснаваная ў 2001 годзе, ШАС цяпер уключае Расею, Беларусь, Кітай, Індыю, Іран, Казахстан, Кіргізстан, Пакістан, Таджыкістан і Ўзбэкістан. Афганістан і Манголія — дзяржавы-назіральніцы, а 14 іншых краін, пераважна з Паўднёва-Ўсходняй Азіі і Блізкага Ўсходу, выступаюць у якасьці «партнэраў у дыялёгу».

Саміт адбываецца за некалькі дзён да заплянаванага вайсковага параду, які правядзе Пэкін. Пуцін, які прыбыў у Кітай у нядзелю, таксама прыме ўдзел у парадзе, прысьвечаным 80-й гадавіне капітуляцыі Японіі ў Другой усясьветнай вайне. Валадар Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын, які ня ўдзельнічае ў саміце ШАС, будзе прысутнічаць на парадзе, як і кіраўнік хунты М’янмы Мін Аўнг Глайнг.

Пуцін пагаварыў зь Сі ў нядзелю, перад двухбаковымі перамовамі, заплянаванымі на аўторак.

«Хацеў бы адзначыць, што дамоўленасьці, дасягнутыя на нядаўнім расейска-амэрыканскім саміце высокага ўзроўню на Алясцы, таксама, я спадзяюся, рухаюцца ў гэтым кірунку, адкрываючы шлях да міру ва Ўкраіне», — сказаў Пуцін.

Ён сказаў, што Расея разам з сваімі кітайскімі партнэрамі падтрымлівае рэформу Міжнароднага валютнага фонду і Ўсясьветнага банку. За вайну ва Ўкраіне ён у чарговы раз абвінаваціў Захад, які, паводле яго, актыўна зацягваў Украіну ў NATO, што стала вялікай небясьпекай для Расеі.

Аляксандар Лукашэнка ў сваім выступе адзначыў неабходнасьць фінансавага мэханізму ШАС для падтрымкі шэрагу галінаў, уключна зь лягістыкай і экалёгіяй. Таксама ён спадзяецца на больш інтэнсіўны гандаль паміж сябрамі ШАС.

«Ужо сёньня аб’ём гандлю паміж краінамі ШАС перасягнуў $2 трлн, і такія лічбы не мяжа. Разьлікі ў нацыянальных валютах, стварэньне сумесных фондаў, інвэстыцыі ў лічбавую эканоміку і зялёныя тэхналёгіі — усё гэта будзе ў цэнтры нашай увагі».

Карысьць ад адзінага банку Лукашэнка бачыць толькі ў тым выпадку, калі той будзе працаваць «у кожнай краіне Шанхайскай сыстэмы».

Хоць Кітай імкнецца, каб ШАС адыгрывала ўсё большую ролю на сусьветнай арэне, пакуль невядома, наколькі эфектыўнай будзе гэтая арганізацыя. У мінулым ШАС засяроджвалася на падтрыманьні ініцыятываў у галіне бясьпекі дзяржаваў-чальцоў, у тым ліку Кітаю, які заявіў, што ШАС эфэктыўна змагаецца з тэрарызмам, сэпаратызмам і экстрэмізмам. Менавіта гэтыя пагрозы Пэкін агучыў пасьля таго, як у 2018 годзе зьмясьціў больш за 1 мільён уйгураў, казахаў і прадстаўнікоў іншых пераважна мусульманскіх меншасьцяў у лягеры, турмы і іншыя месцы зьняволеньня.

Лідэры краін ШАС прынялі Цяньдзіньскую дэклярацыю

У дэклярацыі выказваецца прыхільнасць лініі, якая выключае блёкавыя і канфрантацыйныя падыходы да разьвязаньня праблем міжнароднага разьвіцьця. Згодна з тэкстам дакумэнту, дзяржавы-чальцы ШАС пацьвердзілі рашучасьць працягваць сумесную барацьбу з тэрарызмам, сэпаратызмам і экстрэмізмам.

Акрамя таго, краіны дамовіліся аб стварэньні Банку разьвіцьця ШАС, паведаміла РБК.

У тэксьце дэклярацыі лідэры падкрэсьлілі, што геапалітычная канфрантацыя і пагрозы бясьпецы і стабільнасьці абвастраюцца, у тым ліку ў рэгіёне ШАС.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG