Наведваючы мяжу зь Беларусьсю, старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен заявіла, што Эўропа падтрымлівае Літву і іншыя краіны ЭЗ, якія мяжуюць з Расеяй і Беларусьсю. Паводле яе слоў, калі варожыя краіны правяраюць абарону мяжы Літвы, выпрабоўваецца і эўрапейская бясьпека.
«Сёньня Эўропа падтрымлівае Літву як франтавую дзяржаву — вы сутыкаецеся з Расеяй у Калінінградзе, вы сутыкаецеся з Беларусьсю на мяжы, вы сутыкаецеся з геапалітычнымі і эканамічнымі выклікамі, вы сутыкаецеся з пастаяннымі ваеннымі і гібрыднымі пагрозамі», — сказала фон дэр Ляен журналістам падчас прэс-канфэрэнцыі ў Медніках.
Заяву Урзулі фон дэр Ляен цытуе Літоўскае тэлебачаньне.
«Я чула, што ў мінулым месяцы літоўска-беларускую мяжу перасеклі два бесьпілётнікі. Дазвольце мне запэўніць вас — калі выпрабоўваецца Літва, выпрабоўваецца ўся Эўропа. Мы з вамі ва ўсіх магчымых адносінах», — адзначыла яна.
Яна паўтарыла пасланьне, абвешчанае ў Польшчы ў нядзелю, што новы доўгатэрміновы бюджэт Эўрапейскага зьвязу прадугледжвае дадатковае фінансаваньне для дзяржаў-чальцощ ЭЗ, якія мяжуюць з Расеяй і Беларусьсю.
Прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа на сустрэчы з старшынёй Эўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен на літоўска-беларускай мяжы заявіў, што Балтыйская лінія абароны павінна стаць прыярытэтам для Эўрапейскага Зьвязу.
«Ваша прысутнасьць тут паказвае, што бясьпека Літвы — гэта бясьпека ўсяго Эўрапейскага Зьвязу. Літва разам з Латвіяй, Эстоніяй, Фінляндыяй і Польшчай робіць найбольшыя намаганьні ў гэтай галіне. Наша задача адначасова і неадкладная, і доўгатэрміновая: стрымаць пагрозы, умацаваць устойлівасьць і запэўніць бясьпеку межаў Эўропы», — сказаў Гітанас Наўседа, як паведамляецца на яго афіцыйным сайце.
Прэзыдэнт Літвы дадаў, што гэты рэгіён Эўропы сутыкаецца з рэальнымі пагрозамі: атакамі варожых бесьпілётнікаў, гібрыднымі апэрацыямі і сталым ціскам празь нелегальную міграцыю на мяжы. Паводле яго, інструмэнты SAFE, якія існуюць у Эўразьвязе, дазваляюць рэагаваць на такія пагрозы.
«Паводле ацэнак, патрэбы Літвы складаюць прыблізна 8 мільярдаў эўра — гэта інвэстыцыі, якія ўмацуюць нашу абарону, дапамогуць рэалізаваць Балтыйскую лінію абароны і ўнясуць свой уклад у падтрыманьне Ўкраіны», — мяркуе Наўседа.
Кіраўнік Літвы назваў важным аспэктам фармаваньне вайсковай мабільнасьці для хуткага перамяшчэньня войскаў і тэхнікі на тэрыторыі Эўрапейскага Зьвязу. Гітанас Наўседа вітаў прапанову Эўрапейскай камісіі павялічыць фінансаваньне гэтай сфэры ў новай шматгадовай фінансавай праграме ЭЗ.
У нядзелю, 31 жніўня, старшыня Эўрапейскай камісіі Урзуля фон дэр Ляен сустрэлася з прэм’ер-міністрам Польшчы Дональдам Тускам у Крынках на польска-беларускай мяжы.
У часе іхнага знаходжаньня па беларускі бок мяжы стаялі ўзброеныя памежнікі Беларусі. На іх тварах былі балаклавы. Яны назіралі і фатаграфавалі падзеі на польскім баку мяжы.
Форум