Як паведаміў Эўразійскі банк разьвіцьця (ЭАБР) у штотыднёвым аглядзе, у Беларусі захоўваецца высокі тэмп росту заработнай платы, але яго тэмпы згасаюць.
Так, у сёлетнім чэрвені рэальны заробак вырас на 9,6% у параўнаньні зь леташнім чэрвенем, а ў сёлетнім ліпені аналягічны паказьнік склаў 7,6%.
Разам з тым у бюджэтным сэктары тэмп росту заробкаў захоўваецца. Яны вырасьлі на 10,2% у студзені–ліпені, а ў студзені–чэрвені на 9,7%.
«Захаваньне высокіх тэмпаў росту аплаты працы працягвае падтрымліваць унутраны попыт», — гаворыцца ў аглядзе.
ЭАБР цэлы год адзначае высокі ўзровень прыросту аплаты працы ў Беларусі. Так, у першым квартале яна вырасла на 11,8%. Пры гэтым тэмп прыросту аплаты працы намнога апярэдзіў у Беларусі прырост эфэктыўнасці працы. Прычына росту заробкаў, лічаць у ЭАБР, — дэфіцыт кадраў на рынку працы.
«Нягледзячы на невялікі прырост колькасьці занятых, колькасьць вакансіяў працягвае расьці», — адзначаць эканамісты ЭАБР. У такіх умовах, прагназуюць яны, рост заработнай платы будзе працягвацца.
Зьвесткі аб сёлетнім росьце прадукцыйнасьці працы пакуль недаступныя. Летась прырост прадукцыйнасьці працы ў Беларусі склаў 3%, а прырост заробкаў — каля 12%. Паміж гэтымі паказьнікамі ўтвараецца глыбокі разрыў, які прывядзе ў выніку да зьніжэньня інвэстыцыяў і немагчымасьці пашыраць вытворчасьць, то бок да дэградацыі.
Як тлумачаць рост аплаты працы ва ўрадзе
Ва ўрадзе Беларусі лічаць, што зараз плацяць людзям тое, што «недаплацілі» у мінулыя гады.
«Мы праводзілі дасьледаваньне ўплыву сучаснага росту заробкаў на эканоміку. Нагадаю, што ў 2021–2022 гадах назіралася, наадварот, зьніжэньне і намінальных, і рэальных даходаў грамадзян. Калі дынаміку заробкаў выявіць у эквіваленце коштаў, то за 2023–2024 гады яе аб’ём вырас больш чым на 4 мільярды рублёў.
І гэта супастаўна са зьніжэньнем даходаў у папярэднія гады. У істоце мы толькі падышлі да завяршэньня кампэнсацыйнага росту фонду аплаты працы», — заяўляў першы намесьнік міністра эканомікі Андрэй Картун у інтэрвію газэце «Рэспубліка».
Форум