Турыста зь Беларусі 9 красавіка знайшлі мёртвым у пансіёне ў індыйскім горадзе Варанасі, паведамляе выданьне Times of India.
Паведамляецца, што беларус прыехаў у Індыю яшчэ з адным спадарожнікам у лютым. Ён прайшоў абавязковую для ўсіх іншаземцаў праверку на COVID-19, і ягоны тэст быў адмоўны, піша выданьне.
Яшчэ ў сераду ўвечары ён вячэраў разам з усімі, але ў чацьвер не адчыняў дзьвярэй у сваім пакоі, і адміністрацыя пансыёна выклікала паліцыю. Калі ўзламалі дзьверы, ён ляжаў мёртвы на ложку, піша Times of India.
Прычыны сьмерці высьвятляюцца, паліцыя паінфармавала беларускую амбасаду.
Прэсавы сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз пацьвердзіў факт сьмерці ў Індыі беларускага грамадзяніна. Паводле яго, аднак, той быў 1974 году нараджэньня, у той час як Times of India піша пра 55-гадовага чалавека.
«Цяпер кампэтэнтыя органы вывучаюць, як гэта адбылося, і магчымасьці вяртаньня цела на радзіму», — сказаў Анатоль Глаз.
Пазьней выданьне «Комсомольская правда в Беларуси» паведаміла, што памерлы – 45-гадовы Дзьмітры Раманчык, які ўзяў імя Шыванатх. Паводле людзей, якія добра яго ведалі, ён прыляцеў у Індыю ў духоўнае падарожжа. Дзьмітры Раманчык быў даволі вядомы ў Менску як адзін з галоўных беларускіх дасьледчыкаў кашмірскага шываізму, аднаго з кірункаў індуізму.