Падзеі 8 лістапада ў беларускай і сусьветнай гісторыі
Дзень у гісторыі
1512 — Францішак Скарына ў Падуі абараніў ступень доктара мэдычных навук.
1794 — У выніку задушэньня Польскага паўстаньня 1794 г. рускай арміяй капітулявалі абаронцы Варшавы.
1941 — Нацысты расстралялі каля 1500 габрэяў у Міры.
1989 — Пачаўся дэмантаж Бэрлінскай сьцяны.
У гэты дзень нарадзіліся
1789 — Марцін Антоні Паўловіч, беларускі навуковец-геоляг, асьветнік.
1818 — Іван Тургенеў, расейскі пісьменьнік.
1856 — Уладзімер Стукаліч, беларускі літаратуразнавец, гісторык, юрыст.
У памяці
1918 — Гіём Апалінэр, францускі паэт зь беларускімі каранямі.
1953 — Дылан Томас, валійскі паэт.
Дылан Томас
Маё мастацтва, змроку рамяство
Маё мастацтва, змроку рамяство
Я практыкую ў ціш начную,
Калі лютуе месяц сярод зор,
Калі каханкі ўжо ў пасьцелі
Ў абдымках зь іхнім горам напалам,
У сьпеўным бляску я шчырую
Не на амбіцыю і не на хлеб,
Ня дзеля продажу усьмешак
На белых сцэнах з слонавых касьцей,
А для заплаты самай простай,
Што найглыбей у сэрцы мае схоў.
Не ганарліўцу, што гарбее ўзбоч
Пад лютым месяцам, пішу я
На гэтых шумапенных аркушох,
Ня дзеля незьлічоных мёртвых,
Якім сьпяваюць псальмы й салаўі,
А для каханкаў, што ў абдымках
Трымаюць гора сьвету празь вякі
І не дадуць граша ні слова
Мне за мастацтва ці мо рамяство.
(Пераклад Хрысьціны Граматовіч)