Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне загінуў яшчэ адзін беларус, які ваяваў на баку Расеі. Што пра яго вядома

абноўлена

Расейскія вайcкоўцы, якія ваююць супраць Украіны. Ілюстрацыйнае фота
Расейскія вайcкоўцы, якія ваююць супраць Украіны. Ілюстрацыйнае фота

Ва Ўкраіне загінуў грамадзянін Беларусі Аляксандар Раманенка, які ваяваў на баку Расеі з 27 чэрвеня 2024 году. На момант гібелі яму было 27 гадоў.

Аб тым, што ён ваюе на баку Расеі, стала вядома ў красавіку, калі ўкраінскі дзяржаўны праект «Хачу жыць» апублікаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія падпісалі кантракты з расейскай арміяй. Тады Аляксандар Паўлавіч Раманенка яшчэ быў жывы. 26 верасьня яму мела б споўніцца 28 гадоў.

Аб гібелі беларуса 25 жніўня паведаміў міжнародны праект «НЕ ЖДИ меня из Украины».

Аляксандар Раманенка, які ваяваў на баку Расеі супраць Украіны і загінуў. Фота з базы «Кібэрпартызанаў»
Аляксандар Раманенка, які ваяваў на баку Расеі супраць Украіны і загінуў. Фота з базы «Кібэрпартызанаў»

Згодна зь інфармацыяй ініцыятывы «Кібэрпартызаны», Аляксандар Раманенка нарадзіўся ў Мацькаўцах Вілейскага раёну Менскай вобласьці. Апошняе месца ягонай працы — прыватнае вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Котаў дрэў», якое займаецца расьпілоўваньнем, габляваньнем і насычэньнем драўніны.

У ініцыятыве былых сілавікоў BelPol Свабодзе паведамілі, што на яго міліцыя тройчы складала адміністрацыйныя пратаколы — у 2017, 2018 і 2021 гадох праз праблемы з алькаголем. Першы раз яго затрымалі п’яным на дарозе — ён знаходзіўся на праязной частцы ў цёмны час бяз флікераў, другі раз ён піў піва ў грамадзкім месцы і меў неахайны выгляд, а трэці раз яго затрымалі п’яным на чыгуначным вакзале ў Менску.

У праекце «НЕ ЖДИ меня из Украины» Свабодзе паведамілі, што Аляксандар Раманенка служыў у адным з падразьдзелаў 20 гвардзейскай агульнавайсковай арміі Расеі. Яе штаб знаходзіцца ў Варонежы, а асобныя падразьдзелы адразу ў некалькіх абласьцях — Варонескай, Курскай, Белгарадзкай, Смаленскай, Бранскай і Маскоўскай. Аднак не змаглі ўдакладніць, на якім кірунку фронту ён загінуў і калі.

Згодна з інфармацыяй Каардынацыйнага штабу, беларусаў актыўна пачалі вэрбаваць на службу ў расейскую армію з другога кварталу 2023 году. З таго часу колькасьць падпісаных з грамадзянамі Беларусі кантрактаў расьце.

Як і ўсе іншаземцы, грамадзяне Беларусі праходзяць праз адмысловыя пункты адбору на вайсковую службу. Найчасьцей у Маскве ці Падмаскоўі, а таксама ў Растове. Сярод «расейскіх» навабранцаў шмат колішніх зьняволеных.

З 742 грамадзян Беларусі, прозьвішчы якіх апублікавалі сёлета ў красавіку, 96 лічыліся загінулымі. У той жа час, як паведамлялі ва ўкраінскім дзяржаўным праекце «Хачу жыць», гэтыя лічбы грамадзян Беларусі, якія ваююць на баку Расеі, не канчатковыя. Яны могуць быць у некалькі разоў большыя.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG