Сям’ю Саўрыцкіх з трох чалавек асудзілі за «распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці» (ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэксу). У лістападзе летась Генадзя, Ірыну і іх дачку Віялету Вярбіцкую асудзілі на пяць гадоў калёніі. Цяпер жанчыны адбываюць тэрмін у гомельскай жаночай калёніі № 4, а мужчына — у магілёўскай калёніі № 15.
Прысуд вынес судзьдзя Міхаіл Макарэвіч. Дзяржаўнае абвінавачваньне падтрымлівала пракурорка Аліна Касьянчык.
Цяпер праваабаронцам стала вядома, у чым канкрэтна абвінавацілі сям’ю. Як піша «Вясна», нагодай для суровага пакараньня стаў створаны сям’ёй улетку 2020 году відэаролік з заклікам спыніць гвалт.
«Хачу зьвярнуцца да праваахоўных органаў, якія давалі прысягу ахоўваць і абараняць свой народ, а вы б’яце і запалохваеце нас. Хто ж дае вам такія загады — біць свой народ, каб трымаць нас у страху…»
Як лічыць сьледзтва, ролік зьмяшчае нэгатыўную ацэнку, прыкметы распальваньня варожасьці да супрацоўнікаў міліцыі, а таксама фармаваньня і падмацаваньня нэгатыўнага сацыяльнага стэрэатыпу, адмоўнага вобразу прадстаўнікоў гэтае групы з дапамогаю ідэалягічна матываванай абразы. А ў форме заклікаў нібыта вядзецца прапаганда актыўнага супраціву сілавікам.
Пасьля запісу Генадзь Саўрыцкі распаўсюдзіў зварот у прыватных перапісках у WhatsApp, а таксама ў працоўнай размове ў Тэлеграме.
На судзе Віялета Вярбіцкая віны не прызнала. Яна сказала, што на просьбу бацькі запісала на відэа зварот да супрацоўнікаў на прыдваровай тэрыторыі свайго дому. Пры гэтым мэты відэа ёй не былі цікавыя. У канцы выказваньня яна паказала рукамі сымбаль любові ў выглядзе сэрца. Ейныя бацькі таксама не прызналі віны.
Генадзь Саўрыцкі заявіў, што ані жонка, ані дачка дачыненьня да стварэньня і распаўсюду роліку ня маюць, усё рабіў ён сам. Яны толькі сказалі на відэакамэру некалькі словаў, якія ён прасіў.
Але, нягледзячы на гэта, усім суд прызначыў па 5 гадоў калёніі. Пасьля прысуду ўсю сям’ю залічылі ў сьпіс «тэрарыстаў».
Форум