Зь 1 верасьня і вучням, і настаўнікам будзе забаронена выкарыстоўваць мабільныя тэлефоны падчас заняткаў. Гэта вынікае з пастановы Міністэрства адукацыі, апублікаванай 23 жніўня на Нацыянальным праўным інтэрнэт-партале.
Дакумэнт уносіць зьмены ў Правілы бясьпекі арганізацыі адукацыйнага працэсу, арганізацыі выхаваўчага працэсу пры рэалізацыі праграмаў агульнай сярэдняй адукацыі.
У правілы дадалі пункт 171: «Выкарыстаньне пэдагагічнымі работнікамі ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі прыладаў мабільнай сувязі (інтэрнэт-сувязі) у ходзе адукацыйнага працэсу не дапускаецца, за выключэньнем выпадкаў узьнікненьня пагрозы жыцьцю або здароўю навучэнцаў, работнікаў, іншых тэрміновых выпадкаў».
З 1 верасьня вучні ў школах ня могуць карыстацца прыладамі мабільнай сувязі. Адзіны вынятак — выкарыстаньне гаджэтаў з прычыны стану здароўя, напрыклад, для маніторынгу ўзроўню цукру ў крыві пры дыябэце.
У асобных выпадках вучням можна карыстацца тэлефонамі з дазволу дзяжурнага адміністратара ці асобы, адказнай за захоўваньне прыладаў мабільнай сувязі.
Пры гэтым Аляксандра Аляксеева, кансультантка ўпраўленьня агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі Беларусі, расказала дзяржаўнаму выданьню «Беларусь сегодня», што будзе, калі школьнікі адзін тэлефон будуць здаваць на захоўваньне, а другі — праносіць на заняткі.
«Зразумела, абшукваць дзіця ніхто ня будзе. Аднак няздача тэлефона ці яго выкарыстаньне на ўроку могуць пацягнуць выхаваўчыя або дысцыплінарныя меры. Установам адукацыі рэкамэндавана самастойна ўключыць іх у правілы ўнутранага распарадку. Гэта можа быць заўвага, папярэджаньне, запіс у дзёньніку, размова з бацькамі».
- Міністэрства адукацыі пастановай № 136 ад 1 жніўня ўнесла зьмены ў правілы бясьпекі адукацыйнага працэсу ў розных установах адукацыі.
- Сярод іншага, у пастанове апісаны парадак здачы на захоўваньне мабільных тэлефонаў і іншых прылад у школах.
- Прапускны рэжым у школах павінен прадугледжваць вызначэньне і абсталяваньне спэцыяльных месцаў для захаваньня тэлефонаў.
- Кіраўнік установы адукацыі будзе вызначаць парадак «выкарыстаньня і захоўваньня прыладаў мабільнай сувязі(інтэрнэт-сувязі) з улікам спэцыфікі і магчымасьці канкрэтнай установы агульнай сярэдняй адукацыі».
- Ён жа павінен прызначыць асобаў, адказных за захоўваньне прыладаў мабільнай сувязі цягам навучальнага дня і доступ да іх.
- У правілах вызначана, што пры ўваходзе ва ўстанову адукацыі навучэнцы павінны перавесьці тэлефон у бясшумны рэжым і пакінуць яго ў спэцыяльна адведзеным месцы для захоўваньня.
- Вучні змогуць забіраць свае тэлефоны пасьля заканчэньня заняткаў.
- У верасьні ў Беларусі пачне працаваць больш за 2600 устаноў агульнай і сярэдняй адукацыі, дзе будуць займацца каля 1 млн 50 тыс. вучняў, у тым ліку 90 тыс. першаклясьнікаў, што на 20 тысяч менш, чым летась.