Адміністрацыя аэрапорту адмовілася пракамэнтаваць гэтую інфармацыю журналістам.
Як паведамляе Інтэрфакс-Украіна, самалёт «Белавія» ў аэрапорце «Барыспаль» падчас руху скаціўся з рулёжнай дарожкі на грунт адной стойкай шасі. Пра гэта агенцтву паведаміў адзін з відавочцаў інцыдэнту.
Час адпраўленьня перанесьлі на 14:40 мясцовага часу. Іншыя рэйсы не адмянілі.
18 сьнежня сталічны аэрапорт «Кіеў» у Жулянах пераносіў частку рэйсаў у Барыспаль праз складаныя ўмовы надвор'я.
Авіякампанія «Белавія» у афіцыйнай заяве патлумачыла, што «пасадка паветранага судна прайшла ў штатным рэжыме. Пасьля пасадкі самалёта, падчас руленьня і сыходу з узлётна-пасадачнай паласы на рулёжную дарожку пярэдняе шасі паветранага судна часткова закранула грунт, у сувязі з чым камандзір экіпажа прыняў рашэньне спыніць рух»
Пасажыры пасьля інцыдэнту былі дастаўленыя ў тэрмінал на пэрон у аўтобусах для атрыманьня багажу і праходжаньня пагранічнага і мытнага кантролю. Ніхто з пасажыраў і членаў экіпажу не пацярпеў.
У 2008 годзе інцыдэнт зь беларускім самалётам здарыўся ў Ерэване. У ноч з 13 на 14 лютага пры вылеце ў Менск самалёт «Белавія» пры ўзьлёце сышоў з паласы, перавярнуўся на адно крыло і ўдарыўся ім аб зямлю. Адбыўся выбух, і лайнэр разваліўся на дзьве часткі. З палаючага самалёта ўдалося эвакуіраваць усіх 18 пасажыраў і траіх чальцоў экіпажу. Некалькі чалавек атрымалі раненьні рознай ступені цяжкасьці. Аварыя здарылася таму, што самалёт ня быў апрацаваны вадкасьцю, якая ахоўвае яго ад абледзяненьня.