Група апазыцыйных палітыкаў заклікала працягнуць «народны карантын» да канца траўня ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. Пра гэта паведамляе БелаПАН.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
У звароце, які падпісалі Уладзімер Някляеў, Андрэй Саньнікаў, Павал Севярынец, Мікалай Статкевіч і кінарэжысэр Юры Хашчавацкі гаворыцца, што "«народны карантын» павінен доўжыцца да таго часу, пакуль мы не адолеем успышку каранавірусу. Згодна з прагнозамі, частковае аслабленьне эпідэміі ў Беларусі магчымае ў чэрвені, калі мы працягнем прымаць адэкватныя меры".
«Калі ў краіне няма сумленных выбараў, вельмі лёгка забраць і права на жыцьцё, перш за ўсё ва ўразьлівых груп, якія давяраюць уладам», – заявіў БелаПАН Мікалай Статкевіч.
«Працяг народнага карантыну неабходны, бо нават паводле афіцыйных, моцна заніжаных, зьвестках мы на ўздыме пандэміі. Да гэтага прывяла палітыка Лукашэнкі. Пазыцыю САЗ мы таксама бачым: патрабаваньне адмены масавых мерапрыемстваў, дыстанцыйнае навучаньне, спыненьне неабавязковых вытворчасьцяў. Бацькі, якія не аддаюць дзяцей у школу, або мянчукі, якіх стала ў 2,5 разу менш у мэтро (скарачэньне пасажырапатоку з 1 млн да 400 тыс. у дзень), фактычна ратуюць мэдыкаў», – адзначыў Павел Севярынец.
Першапачаткова прадстаўнікі апазыцыі заклікалі грамадзян да «народнага карантыну» з 23 сакавіка па 5 красавіка, затым – да канца красавіка.