Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Люстэрка»: Улады ўзялі пад свой кантроль кампанію, зьвязаную зь беглым прэзыдэнтам Кіргізстану Бакіевым


Дырэктар БНБК Данііл Урыцкі апавядае Аляксандру Лукашэнку пра карпарацыю 22 лістапада 2022 году
Дырэктар БНБК Данііл Урыцкі апавядае Аляксандру Лукашэнку пра карпарацыю 22 лістапада 2022 году

Беларускія ўлады ўзялі пад свой кантроль Беларускую нацыянальную біятэхналягічную карпарацыю, якая раней была зьвязана зь сямʼёй былога прэзыдэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева.

Паводле ўнутраных дакумэнтаў, атрыманых выданьнем «Люстэрка» празь BelPol, доля дзяржавы ў кампаніі павялічылася да 77%.

Прэзыдэнт Кіргізстана Курманбек Бакіеў, які ўцёк з краіны пасьля пратэстаў у 2010 годзе, атрымаў палітычны прытулак у Беларусі на запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі. Бакіеў і яго сямʼя, у прыватнасьці сын Асылбек Саліеў, зьвязаныя зь фірмамі, якім раней належала большасьць акцый БНБК.

Аднак шляхам выпуску дадатковых акцый кантрольны пакет перайшоў да Дзяржаўнага камітэту па маёмасьці Беларусі.

Лукашэнка быў на адкрыцьці кампаніі і ня раз хваліў праект. Казаў, што такой вытворчасьцю валодаюць толькі чатыры краіны — і сярод іх Беларусь.

«Гэта болей, чым космас. Космасам мы з савецкіх часоў займаемся, а гэта — цалкам новая вытворчасьць», — заявіў ён у 2020 годзе.

Нягледзячы на дзяржаўную падтрымку ў выглядзе крэдытаў, ільготаў і асабістай увагі Лукашэнкі, кампанія не змагла дасягнуць заплянаваных абʼёмаў вытворчасьці. У 2024 годзе ў яе нават зьявіліся цяжкасьці з аплатай камунальных паслугаў.

У выніку ўрад быў вымушаны даваць новыя гарантыі па яе крэдытах.

Што вядома пра БНБК

Беларускую нацыянальную біятэхналягічную карпарацыю па вытворчасьці камбікорму і прэміксаў заснавалі ў 2016 годзе, будаваць яе пачалі ў 2019 годзе ў Пухавіцкім раёне. Паведамлялася, што пад гэты праект кітайскі «Эксімбанк» выдзеліў ільготны крэдыт на 620 млн даляраў.

БНБК — кампанія зь дзяржаўным і прыватным капіталам. Беларускай дзяржаве напачтку належала толькі 25% акцыяў кампаніі. Асноўнымі ўладальнікамі карпарацыі былі замежныя кампаніі: сярод іх дзьве кітайскія кампаніі (гэта СITIC International Investments, якая выступіла генпадрадчыкам на праекце, і COFCO Corporation), дзьве — з Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў (Al Salaam Biotech Investments Ltd. і Al Ziad Agro Investments Ltd.) і дзьве шатляндзкія кампаніі (Maxforse LP і Altastar LP), яшчэ 1% належаў расейскаму інвэстару.

Дырэктарам карпарацыі быў прызначаны Данііл Урыцкі, у якім у Кіргізстане апазналі зьбеглага былога прэм’ера Кіргізстану Даніяра Ўсенава (на радзіме яго чакае пажыцьцёвае зьняволеньне за саўдзел у забойстве дэманстрантаў у 2010 годзе). Паводле ранейшай інфармацыі СМІ, Даніяр Усенаў жыве ў Беларусі.

Ключавым уласьнікам шатляндзкіх афшораў — трымальнікам акцый кампаній зьяўляецца Асылбек Саліеў, пляменьнік зрынутага прэзыдэнта Кіргізстану Курманбека Бакіева. Ён таксама хаваецца ў Беларусі. Паводле ранейшых зьвестак Tut.by, сярод акцыянэраў таксама могуць быць сам Курманбек Бакіеў і яго сыны Марат і Максім. Сямʼя Бакіева на запрашэньне Лукашэнкі пражывае ў Беларусі з 2010 году. Ён, ягоны брат і малодшы сын знаходзяцца ў міжнародным вышуку.

У 2023 годзе ў Раду дырэктараў БНБК увайшоў дарадца кіраўніка Чачэніі Рамзана Кадырава Леў Грогаў.

У сьнежні 2023 году Лукашэнка прызнаў праблемы ў БНБК, заявіўшы пра «істотныя недапрацоўкі і праблемы з загрузкай магутнасьцяў завода, збытам гатовай прадукцыі». Ён папрасіў урад прадставіць «дакладны альгарытм ліквідацыі ўсіх наяўных недапрацовак» і забесьпячэньня фінансавай устойлівасьці прадпрыемства, назваўшы яго важным «іміджавым праектам» і адзначыўшы: «Вы ведаеце, у што ён абышоўся ня толькі мне, але і дзяржаве».

Пасьля гэтага ўрад Беларусі прызначыў свайго прадстаўніка ў кіраўніцтве БНБК, а Мінсельгасхарч рашэньнем ураду атрымаў права павялічваць статутны фонд БНБК шляхам эмісіі акцыяў дадатковага выпуску.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG