Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аграхолдынг на Шклоўшчыне, якім апякуецца Лукашэнка, атрымаў дадатковыя грошы, якія забралі ў прамысловасьці


Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў аграхолдынгу «Купалаўскае» на Шклоўшчыне, 2024 год
Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы ў аграхолдынгу «Купалаўскае» на Шклоўшчыне, 2024 год

Аграхолдынг «Купалаўскі» пастановай ураду атрымаў фінансаваньне з сродкаў, якія зьбіраюцца для разьвіцьця беларускай прамысловасьці.

Савет міністраў апублікаваў пастанову «Аб вылучэньні сродкаў»: на аснове ўказу Лукашэнкі «Аб парадку фармаваньня і выкарыстаньня сродкаў інвэстыцыйных фондаў» прынятае рашэньне вылучыць прадпрыемству «Купалаўскае — кіроўная кампанія аграхолдынгу» 3,5 мільёна рублёў з пазабюджэтнага інвэстыцыйнага фонду Міністэрства прамысловасьці.

Дакумэнт апублікавалі на партале Pravo.by.

Аграхолдынг у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласьці вядомы сваёй набліжанасьцю да Аляксандра Лукашэнкі. Ён там часта бывае і вылучае холдынгу дзяржаўную падтрымку. Менавіта тут Лукашэнка пачынаў сваю аграрную і палітычную кар’еру да 1994 году.

У холдынг уваходзіць некалькі аграпрадпрыемстваў Шклоўскага раёну, у тым ліку ААТ «Александрыйскае», ЗАТ «АСБ-Агра Гарадзец», Шклоўскі масларобчы завод. Належыць холдынг Кіраўніцтву справаў Лукашэнкі і зарэгістраваны ў Менску пад адрасам Карла Маркса, 38, дзе месьціцца адміністрацыя Лукашэнкі.

Холдынг год таму стварыў сам Лукашэнка, пра што і паведаміў землякам падчас паездкі ў Шклоўскі раён, які пісала афіцыйная прэса:

«„Купалаўскае“ пераходзіць у кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, і дадаюцца гаспадаркі „Александрыйскае“ і „Гарадзец“. Гэта будзе холдынг. Будзе акумуляваная палова раёну. У вас будзе свой камбікормавы завод, які ў Шклове зараз працуе абы-як. Мы яго ў парадак прывядзем. Малаказавод сёлета пачынаем будаваць, будзем рабіць паглыбленую перапрацоўку малака. А мясакамбінат — „Александрыйскае“ — спраўляецца, ён недазагружаны. Вось такая агульная канцэпцыя і ланцужок будзе вашай вытворчасьці і продажаў», — заяўляў год таму Лукашэнка.

Летась Лукашэнка абяцаў холдынгу «падставіць плячо». Цяпер холдынгу перадалі сродкі з інавацыйнага фонду, які фармуе беларуская прамысловасьць.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG