20 жніўня міністар турызму Ірану Рэза Салехі Амэры паведаміў, што ўлады Беларусі і Ірану пагадзіліся скасаваць візы паміж дзьвюма краінамі. Таксама бакі нібыта дамовіліся адкрыць простыя авіярэйсы паміж Іранам і Беларусьсю для палягчэньня турыстычных паездак — да трох рэйсаў на тыдзень.
Як сёньня можна трапіць у Іран і ці езьдзяць туды беларусы
Іран — 17-я паводле тэрыторыі краіна ў сьвеце (1,6 мільёна км2). Краіна мае выхад да Касьпійскага мора і Пэрсыдзкай заток ў Арабійскім моры.
У Іране знаходзіцца 28 помнікаў спадчыны UNESCO, гэта 1,8% ад іх агульнай колькасьці. Дзяржаўная рэлігія ў Іране — іслам, большасьць насельніцтва — мусульмане-шыіты (85%). Памятка аб мерах бясьпекі ў Іране ад МЗС Беларусі ўключае два дзясяткі папераджальных пунктаў.
У Іране забаронены алькаголь, а жанчыны мусяць у публічных месцах насіць хіджаб. На 25 жніўня простых рэйсаў паміж Іранам і Беларусьсю няма. Можна трапіць туды зь перасадкай. Напрыклад, даляцець да Масквы, адкуль ёсьць просты рэйс «Аэрофлота» ў Тэгеран.
Такі пералёт праз Маскву будзе каштаваць пад 900 рублёў і зойме больш за 9 гадзінаў з улікам перасадкі.
Пералёт праз Дубай у адзін бок будзе каштаваць яшчэ даражэй — больш за 2400 рублёў.
Таксама ў Іран зь Беларусі можна трапіць турам. Паездка на 9 дзён і 8 начэй з вылетам з Масквы будзе каштаваць 3428 рублёў з улікам аплаты турыстычнай паслугі.
Прапануюць наведаць палацавы комплекс Гулістан у сталіцы, Пэрсэпаліс — былую сталіцу імпэрыі Ахэмэнідаў, іншыя прыкметнасьці.
Трапіць у Іран без візы беларусы маглі яшчэ зь лютага мінулага году. Тэрмін знаходжаньня — да 15 дзён. То бок цяперашнія дамоўленасьці больш тычацца турыстаў з Ірану.
Іран пакуль ня стаў прыярытэтным кірункам для беларускіх турыстаў. У статыстыцы проста не падаюць колькасьці турыстаў, якія наведалі Іран, бо іх няшмат. Напрыклад, сёлета ў чэрвені, падчас атакі Ізраілю, з Ірану эвакуавалі празь беларускія консульскія службы 23 чалавекі.
«Адзінкавыя выпадкі паездак»
Паводле блогера, у мінулым уладальніка турыстычнага бізнэсу Аляксандра Лібера, Іран ня стане для беларускіх турыстаў папулярным кірункам. Гэта хутчэй «ультра-экзотыка» для блогераў і адзінкавыя выпадкі.
«Калі нават у Азэрбайджан (гэта найбліжэйшая аналёгія з гледзішча лягістыкі, навізны і візавай сытуацыі), дзе сэрвіс часта гаворыць на зручных для беларускага турыста мовах і дзе па вуліцах ня езьдзяць танкі, ня ўзьнік масавы паток, то разважаць пра Іран як пра сур’ёзны турыстычны кірунак сёньня немагчыма. Можа быць, „Белавія“ і рызыкне паставіць туды дадатковыя рэйсы, а дзяржаўныя турапэратары сфармуюць праграмы, але хто туды рэальна паедзе ў цяперашніх умовах — зусім незразумела. На гэтай думцы пагаджаецца большая частка турыстычнай супольнасьці Беларусі, зь якою я падтрымліваю кантакт», — кажа суразмоўца.
Што да іранскіх турыстаў, якія маглі б прыехаць у Беларусь у межах бязьвізу, то яны абіраюць іншыя кірункі, больш папулярныя для Ірану.
«Калі абапірацца на статыстыку, то яны аддаюць перавагу Турэччыне, Эміратам, Грузіі, Армэніі, Азэрбайджану — тут добра чытаюцца настроі, дзе прахалоднай Беларусі будзе няпроста знайсьці месца ў сэрцах іранцаў. Для вучобы часта выбіраюць краіны Азіі, а для гасьцявых візытаў — Нямеччыну, Францыю і ЗША. Таму цяжка ўявіць, якія менавіта каштоўнасныя зрухі павінны адбыцца, каб масава зьмянілася лягістыка паездак, пагатоў у такім традыцыйным і кансэрватыўным грамадзтве», — кажа суразмоўца.
«Гэта не пра масавы турызм»
Беларускі падарожнік Аляксандар Гойшык бываў у Іране двойчы, апошні раз правёў там больш за месяц, гэта было ў 2016 годзе. На ягоную думку, там шмат цікавых аб’ектаў для турызму, але гэта краязнаўчы турызм.
«Гэта для падарожнікаў, якім цікава адкрыць для сябе старажытную Пэрсію, Пэрсэпаліс, старажытныя ветраловы, мячэці ды іншыя аб’екты. Аднак гэта не пра масавы турызм. Гэта ісламская краіна з суровымі правіламі. Там няма адпачынку „осё ўключана“, дзе ты валяесься на пляжы і нічога табе не забаронена. Там забаронены алькаголь, праблемы з сувязьзю, блякаваньнем інтэрнэту, валютай, веданьнем ангельскай мовы», — прыводзіць прыклады суразмоўца.
Паводле Аляксандра Гойшыка, таксама і турыстам з Ірану Беларусь будзе мала цікавая. Турысты, якія могуць паехаць у Беларусь, — гэта адзінкавыя выпадкі такога ж краязнаўчага турызму.
«У іранцаў пад бокам ёсьць Турэччына, куды яны могуць езьдзіць „адрывацца“. Вельмі папулярныя туры ў Армэнію. З Тэгерану яны лётаюць у Ерэван. Навошта ім ляцець у далёкі Менск, калі ў іх пад бокам усё ёсьць. Некаторыя іранцы езьдзяць у Беларусь, але зь іншымі мэтамі: вучоба ці іншыя вузкаспэцыялізаваныя інтарэсы», — расказвае падарожнік.
Вядома, што летась зь Беларусі выяжджалі 617 990 турыстаў. Асноўныя кірункі: Турэччына (32,1%), Эгіпет (20,7%), Аб’яднаныя Арабскія Эміраты (14%), Грузія (8,5%), Італія (4,3%), Кітай (2,3%). Іншыя краіны — 18,1%.
Беларусь наведалі за мінулы год 366 732 турысты. У асноўным яны былі з наступных краін: Латвія (42%), Турэччына (15,7%), Кітай (7,8%), Літва (5,4%), Эстонія (5,1%),
Нямеччына (3,6%). Іншыя краіны — 20,4%. Іран у гэтай статыстыцы ня згадваецца.
Згодна з сэрвісам visaindex.com, на 2025 год беларусы могуць трапіць зусім бязь візы ў 44 краіны. Сайт беларускага МЗС прыводзіць 43 краіны, але зь нюансамі.
Напрыклад, у Мэксыку можна трапіць бязь візы толькі з візамі Шэнгенскай прасторы, Канады, ЗША ці Японіі. У Сальвадор можна трапіць пры падобных умовах, а таксама маючы расейскі часовы дазвол на жыхарства. Ад 30 верасьня бязьвізавых краін для беларусаў стане меней, бо бязьвіз зь Беларусьсю вырашыла скасаваць Альбанія.
Сёлета з 1 красавіка візы для Беларусьсю вырашылі ўвесьці таксама Намібія, Віетнам і Ўсходняя Лібія. Пра магчымы візавы рэжым для беларусаў у канцы 2024 году паведамілі ўлады Чарнагорыі.
Акрамя Ірану, улады Беларусі дамовіліся аб скасаваньні візаў з Калюмбіяй.
Форум