Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль за 2025 год ужо пяць разоў публікаваў відэа з Пуціным, запісаныя раней. У тым ліку перад сустрэчай з Уіткафам


Пуціна на сустрэчы ў Крамлі, 20 жніўня 2025 году
Пуціна на сустрэчы ў Крамлі, 20 жніўня 2025 году

«Система», расьсьледніцкі праект «Настоящего времени» і Радыё Свабода, знайшла доказы таго, што Крэмль падае загадзя запісаныя відэа з Уладзімірам Пуціным — «кансэрвы» — як сьвежыя.

У кабінэце Ўладзіміра Пуціна ў Сэнацкім палацы Крамля паміж 17 і 24 лютага 2025 году адбыліся незаўважныя на першы погляд зьмены. На кніжных паліцах за ягонай сьпінай, якія трапляюць у аб’ектывы камэраў у часе прыёмаў, памянялі расстаноўку кніг: зьявіліся новыя выданьні, а Канстытуцыя Расеі перамясьцілася з правай часткі шафы ў левую.

Да гэтага раскладка кніг мянялася толькі нязначна. Фота з ранейшай раскладкай можна знайсьці на здымках 2016 году, яна ж зафіксаваная на панарамнай здымцы кабінэту, якую ў 2019-м апублікавала выданьне Life, піша «Система».

Як выглядала кніжная шафа ў кабінэце Пуціна ў розны час
Як выглядала кніжная шафа ў кабінэце Пуціна ў розны час

Пасьля лютага 2025 году Пуцін больш за сорак разоў прымаў у сваім кабінэце губэрнатараў, міністраў і кіраўнікоў дзяржаўных кампаніяў. Прынамсі на адным кадры пратакольнай здымкі з гэтых сустрэчаў (фота ці відэа) можна разгледзець новую кніжную раскладку. Аднак у пяці выпадках раскладка кніг нібы вярнулася да ранейшага парадку. Гэта можа быць прыкметай таго, што Крэмль выдаваў за актуальныя падзеі загадзя падрыхтаваныя запісы, зробленыя да 24 лютага, — гэта значыць публікаваў так званыя «кансэрвы».

Выкарыстаньне загадзя падрыхтаваных запісаў для публікацыі ў іншы дзень — даволі распаўсюджаная практыка Крамля. Часам гэта зьвязана з здароўем Пуціна, часам — зь ягоным жаданьнем адпачыць ад публічнасьці.

Калі паглядзець на публічныя захады з удзелам Пуціна з 2 па 10 красавіка 2025 году, кідаецца ў вочы брак групавых сустрэчаў і масавых падзеяў. Але пры гэтым выйшлі чатыры відэа, якія, як падазраюць расьсьледнікі, запісваліся ў іншы дзень. На людзях за межамі Крамля Пуцін зьявіўся толькі 11 красавіка, калі ў Санкт-Пецярбургу ён прыняў спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША Стыва Ўіткафа.

Выкарыстаньне яшчэ адной «кансэрвы» ў траўні можа быць зьвязана з асабістым жыцьцём Пуціна. Рэч у тым, што 12 траўня, калі Пуцін нібыта сустракаўся з губэрнатарам Іванаўскай вобласьці Станіславам Васкрасенскім, свой 42-гі дзень нараджэньня сьвяткавала Аліна Кабаева, шматгадовая партнэрка Пуціна і маці яго сыноў (і тое, і другое Крэмль спрабуе трымаць у сакрэце).

Відэа з Пуціным, апублікаванае на дзень нараджэньня Кабаевай
Відэа з Пуціным, апублікаванае на дзень нараджэньня Кабаевай

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG