78 дэпутатаў Сейму прагаласавалі «за», 35 — «супраць», 14 — «устрымаліся».
Перад галасаваньнем Інга Ругінене, кажучы пра будучыя рашэньні, сказала, што будзе шукаць кампрамісы, піша BNS.
Яна паабяцала падтрымліваць добрыя адносіны з Польшчай, зрабіць свае першыя замежныя візыты ў гэтую суседнюю краіну і Ўкраіну, а таксама нармалізаваць адносіны з Кітаем.
Урад сфармуюць прадстаўнікі Cацыял-дэмакратычнай партыі Літвы, «Нёманскай зары», Зьвязу сялянаў і зялёных Літвы, Выбарчай акцыі палякаў у Літве — Зьвязу хрысьціянскіх семʼяў, якія падпісалі пагадненьне аб кіроўнай кааліцыі ў панядзелак.
Тым часам у Вільні праходзяць пратэсты супраць палітычнага аблічча новай кааліцыі. На масавую акцыю «Дзень ганьбы», якая адбываецца ў Вільні і завяршаецца перад Сеймам, сабраліся тыя, хто пратэстуе супраць пагадненьня аб фармаваньні кіроўнай большасьці і лічыць партнэраў сацыял-дэмакратаў адыёзнымі.
У часе леташняй выбарчай кампаніі лідэр партыі «Нёманская зара», якая ўвайгла ў кааліцыю, Рэмігіюс Жамайтайціс выказваўся за супрацу зь Беларусьсю і расказваў, як вырваць краіну з уплыву Расеі. Тады ж выбухнуў скандал ў сувязі зь ягонымі ягонымі антысэміцкімі выказваньнямі.
Новы ўрад Літвы фармуецца пасьля сыходу папярэдняга прэмʼера Гінтаўтаса Палуцкаса праз падазрэньні ў карупцыі.
Ругінене ўступіць на пасаду, калі прэзыдэнт падпіша ўказ аб яе прызначэньні прэмʼер-міністрам, і яна будзе прыведзена да прысягі ў Сейме разам з новым Кабінэтам Міністраў.
- 44-гадовая Інга Ругінене — пачатковец у палітыцы. Яна пачала працаваць у гэтай сфэры мінулай восеньню, далучыўшыся да Літоўскай сацыял-дэмакратычнай партыі і прыняўшы ўдзел у выбарах у Сейм разам зь ёй.
- Пасьля перамогі партыі Ругінене атрымала партфэль міністра сацыяльнай абароны і працы.
- Перад тым яна займала пасаду старшыні Літоўскай канфэдэрацыі прафсаюзаў.
Форум